Галоўнае на гэты момант
- У Марыюпалі на заводзе «Азоўсталь» другі дзень праводзяць эвакуацыю. У падвалах камбінату застаюцца яшчэ сотні людзей і параненыя ўкраінскія вайскоўцы.
- Украінцы «Байрактарамі» зьнішчылі два расейскія катэры на Зьмяіным востраве.
- Паводле выведкі ЗША, начальнік расейскага Генштабу Герасімаў наведаў лінію фронту ў Ізюме Харкаўскай вобласьці, каб зьмяніць курс наступу. Зьнішчыць яго не ўдалося.
- Пэнтагон абвінаваціў Пуціна ў «амаральнасьці» і «жорсткасьці».
- Ва Ўкраіне налічылі звыш 7000 зьніклых бязь вестак.
- Расея ўзмацняе інтэнсіўнасьць агню на Данбасе. У горад Ізюм Харкаўскай вобласьці расейцы сьцягнулі дадатковыя сілы дэсантнікаў і 500 адзінак тэхнікі, працягваюцца абстрэлы Харкава.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 2 траўня
На Харкаўшчыне фронт расьцягнуўся. Мэта расейцаў — Славянск
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што расейцы наступаюць у двух кірунках на Харкаўшчыне: Ізюм — Барвенкава і Ізюм — Славянск. Апошні горад знаходзіцца ў Данецкай вобласьці і зьяўляецца мэтай яшчэ аднаго наступу расейцаў зь іншага кірунку: Ліман — Сіверск, каб адтуль выціснуць украінскую армію і ўжо адразу з двух бакоў атакаваць Славянск.
Расея паведаміла пра абстрэл Архангелаўкі Харкаўскай вобласьці. У зводцы ўкраінцаў у сьпісе расейскіх абстрэлаў Харкаўшчыны яшчэ некалькі населеных пунктаў, у тым ліку Уды і Прудзянка. Абстрэлы Харкава таксама не спыняюцца. Бакі не паведамляюць аб зьмене сваіх пазыцый і аб сваіх стратах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дапамажыце спыніць вайну!» Заблякаваныя марыюпальцы моляць сьвет аб дапамозе. ВІДЭАНачальнік расейскага Генштабу пабываў на фронце
Начальнік Генэральнага штабу расейскіх войскаў генэрал Валерый Герасімаў, найвышэйшы афіцэр краіны ў форме, у канцы мінулага тыдня наведаў франтавыя пазыцыі на ўсходзе Ўкраіны, каб «зьмяніць курс», па словах высокапастаўленага ўкраінскага чыноўніка. Гэтую ацэнку падтрымалі і дзьве афіцыйныя асобы ЗША, якія ведаюць пра візыт, піша New York Times.
Украінскія чыноўнікі даведаліся пра візыт, але не пасьпелі захапіць генэрала. Калі ў суботу ўвечары ўкраінскія сілы пачалі атаку на адну пазыцыю, якую наведаў Герасімаў, у школе № 12 у кантраляваным Расеяй горадзе Ізюме, ён ужо выехаў у Расею. Тым ня менш каля 200 вайскоўцаў забілі, у тым ліку прынамсі аднаго генэрала, сказаў украінскі чыноўнік на ўмовах ананімнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CNN: Расейцы скралі ва Ўкраіне аграрную тэхніку на 5 млн даляраў, але яе адключылі дыстанцыйнаУкраінцы «Байрактарамі» зьнішчылі два расейскія катэры ля Зьмяінага вострава
Востраў быў захоплены расейскімі акупантамі на самым пачатку поўнамаштабнай вайны і застаецца пад іх кантролем.
«Байрактары» зьнішчылі два расейскія катэры каля вострава Зьмяінага. Гэта адбылося на досьвітку 2 траўня. Пра пасьпяховы ўдар паведаміў галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валер Залужны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцы «Байрактарамі» зьнішчылі два расейскія катэры ля Зьмяінага востраваАрастовіч заявіў пра перакіданьне 10 тысяч расейскіх добраахвотнікаў
Дарадца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч паведаміў, што Расея рыхтуецца накіраваць ва Ўкраіну каля 10 тысяч добраахвотнікаў. Пры гэтым ён лічыць, што ў расейскіх добраахвотнікаў няма шанцаў выжыць у вайне з Украінай. Пра гэта Арастовіч заявіў 1 траўня ў інтэрвію расейскаму праваабаронцу Марку Фейгіну.
У сваёй думцы Арастовіч абапіраецца на тое, што ўкраінцы за два месяцы вайны «перамалолі элітныя расейскія дывізіі», і гэта азначае, што менш падрыхтаваным да вайны добраахвотнікам не застаецца шанцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі пра ахвяры ў Бучы: «Адсечаныя канцавіны, галовы — такіх выпадкаў было шмат»На «Азоўсталі» яшчэ застаюцца цывільныя, а таксама параненыя вайскоўцы
У Нацгвардыі Ўкраіны паведамілі, што ня ўсе мірныя жыхары змаглі пакінуць «Азоўсталь» 1 траўня і што ў бункерах заводу застаюцца людзі. Адразу пасьля эвакуацыі цывільнага насельніцтва расейскія акупанты аднавілі абстрэл заводу ў Марыюпалі. Перад эвакуацыяй захопнікі два дні трымалі рэжым спыненьня агню. Пра гэта ў эфіры тэлемаратону заявіў камандзір 12-й брыгады апэратыўнага прызначэньня Нацыянальнай гвардыі Дзяніс Шлега, піша ТСН.
Цяпер расейцы абстрэльваюць завод з рознай зброі, хоць, паводле Шлегі, у бункерах «Азоўсталі» яшчэ некалькі сотняў мірных жыхароў, у тым ліку каля 20 дзяцей.
«Мы таксама вельмі хочам, каб нашы параненыя, якіх на сёньня каля 500 чалавек, пакінулі тэрыторыю „Азоўсталі“. Мы хочам, каб з „Азоўсталі“ забралі нашых загінулых хлопцаў. Гэта таксама вельмі вялікая колькасьць», — сказаў Шлег.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца ў Марыюпалі, дзе пачалася эвакуацыя цывільных з заводу «Азоўсталь». ФОТАУцекачы ад вайны
З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну краіну пакінулі больш за 5,563 мільёна чалавек, вынікае са зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў.
Паводле дадзеных Офісу, больш за 3 млн чалавек выехалі ў Польшчу, амаль 826 000 чалавек — у Румынію, больш за 530 тысяч — у Вугоршчыну.
У Расею, паводле зьвестак ААН, вывезьлі больш за 681 тысячу чалавек. Украінскія ўлады сьвярджаюць, што акупанты вывозяць грамадзян Украіны гвалтам.
Каля 5 мільёнаў украінцаў цяпер — унутрана перамешчаныя асобы.
Насельніцтва Ўкраіны (уключна з тэрыторыяй пад кантролем Расеі) складае каля 44 мільёнаў чалавек.
Што адбываецца ў Расеі
У Белгародзкай вобласьці Расеі зноў выбухі
Губэрнатар Белгародзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў пацьвердзіў, што ў вобласьці былі чуваць два моцныя «хлапкі». Пра гэта ён паведаміў у Telegram.
«Прачнуўся ад двух моцных разрываў. Па дадзеных апэратыўнага штабу, пашкоджаньняў і руйнаваньняў няма. Пацярпелых няма. У сацыяльных сетках ужо зьявіліся кадры ўспышкі ў небе. Самае галоўнае, што без ахвяр і разбурэньняў. Астатнюю інфармацыю ўдакладнім ранкам».
Расея прыпыніла спрошчаную працэдуру афармленьня візаў для асобных грамадзян ЭЗ
Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб прыпыненьні спрошчанага парадку выдачы расейскіх візаў асобным катэгорыям грамадзян Эўразьвязу. Пад дзеяньне закону падпадаюць уладальнікі дыпляматычных пашпартоў, чальцы афіцыйных дэлегацый, нацыянальных і рэгіянальных урадаў і парлямэнтаў, канстытуцыйных і вярхоўных судоў, а таксама журналісты. Абмежаваньні будуць распаўсюджвацца на грамадзян дзяржаў — сяброў ЭЗ, а таксама Даніі, Ісьляндыі, Ліхтэнштэйну, Нарвэгіі і Швайцарыі. Зазначаецца, што ўказ падпісаны «ў сувязі зь недружалюбнымі дзеяньнямі Эўразьвязу».
Пуцін падпісаў указ аб дадатковых захадах дзеля гарантаваньня інфармацыйнай бясьпекі ў Расеі
З 1 студзеня 2025 году расейскім установам і дзяржаўным кампаніям будзе забаронена выкарыстоўваць сродкі абароны інфармацыі, вырабленыя ў «недружалюбных краінах».
У Курскай вобласьці абваліўся чыгуначны мост
Губэрнатар Курскай вобласьці, якая мяжуе з Украінай, Раман Старавойт у нядзелю паведаміў аб частковым абвальваньні чыгуначнага моста. Пацярпелых няма. У Сьледчым камітэце спачатку заявілі, што разглядаюць вэрсію аб «падрыве» моста, але потым удакладнілі, што пад словам «падрыў» мелася на ўвазе абвальваньне палатна, а доказаў наўмыснага падрыву пакуль няма.
Пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну з расейскіх памежных рэгіёнаў некалькі разоў паступалі паведамленьні аб пашкоджаньні чыгуначнага палатна. Пры гэтым расейскія ўлады ні разу не казалі пра дывэрсію як прычыну разбурэньня палатна, не паведамлялася і пра затрыманьне датычных да гэтага асобаў.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «24 лютага вайна, 25-га споўнілася васямнаццаць, а 26-га запісаўся добраахвотнікам». Гутарка з байцом батальёну Каліноўскага Глебам ГунькоЯк рэагуе сьвет
Пэнтагон скрытыкаваў Пуціна
Прэс-сакратар Міністэрства абароны ЗША Джон Кэрбі падчас брыфінгу з журналістамі 29 красавіка рэзка выказаўся аб палітыцы Ўладзіміра Пуціна ў адносінах да Ўкраіны.
У прыватнасьці, ён назваў «дзіўнымі» і «недарэчнымі» заявы Расеі аб пагрозах з боку ЗША і краін Захаду, а таксама аб нацыстах ва Ўкраіне. Кэрбі лічыць, што агрэсарам у цяперашняй сытуацыі выступае сама Расея.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінская кампанія разарвала кантракт з «Росатомом» на будаўніцтва АЭСNATO дапаможа Ўкраіне перайсьці ад зброі савецкіх часоў да сучаснай
Генсакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што альянс гатовы падтрымаць Украіну ў вайне супраць Расеі, нават калі вайна зацягнецца на гады. Паводле яго, NATO дапаможа Кіеву мадэрнізаваць узбраеньне савецкіх часоў да ўзроўню заходняй вайсковай тэхнікі.
Злучаныя Штаты, найбуйнейшы сябра NATO, ужо перадалі Ўкраіне зброю на 3 мільярды даляраў з пачатку маштабнага ўварваньня Расеі.
Амэрыканскія вайскоўцы навучаюць украінскіх у Нямеччыне
Навучаньне праводзіць Нацыянальная гвардыя Флорыды, што ўваходзіла ў склад Аб'яднанай шматнацыянальнай навучальнай групы на захадзе Ўкраіны і была вымушана пакінуць краіну з прычыны росту пагрозы расейскага ўварваньня ў лютым.
ЗША вывучаюць магчымасьці прызнаньня Расеі спонсарам тэрарызму за яе ўварваньне ва Ўкраіну
З такой заявай выступіў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.
Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна вывучае заканадаўчыя магчымасьці прызнаньня Расеі дзяржавай, якая спансуе тэрарызм.
«Ня маю сумневаў, што Расея тэрарызуе ўкраінскі народ. Пытаньне ў тым, і гэта вывучаюць юрысты, што патрэбна пераканацца, што сытуацыя сапраўды адпавядае патрабаваньням для такога азначэньня», — заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен, адказваючы на пытаньне аднаго з амэрыканскіх сэнатараў, перадае «Голас Амэрыкі».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.