Уімбэлдан пройдзе з 27 чэрвеня па 10 ліпеня 2022 году. 20 красавіка арганізатары турніру паведамілі, што адмаўляюць расейскім і беларускім тэнісістам ва ўдзеле ў спаборніцтвах з прычыны сытуацыі ва Ўкраіне. Забарона не дазволіць выступіць на Ўімбэлдане ў тым ліку беларускім тэнісісткам: леташняй паўфіналістцы турніру Арыне Сабаленцы і Вікторыі Азаранцы.
«Гэта несправядліва ў дачыненьні да маіх калег, – сказаў Надаль. – У дадзеным выпадку тое, што адбываецца ва Ўкраіне – ня іхная віна».
21-разовы пераможца турніраў «Вялікага шалома» Надаль раскрытыкаваў арганізатараў Уімбэлданскага турніру за тое, што яны выйшлі за рамкі сваіх паўнамоцтваў.
«Калі ўрад нешта загадвае, трэба прытрымлівацца правілаў, – сказаў ён. – У гэтым выпадку ўрад выпусьціў рэкамэндацыю, і Ўімбэлдан вырашыў навязаць самы радыкальны варыянт, хаця яго да гэтага не прымушалі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх і расейскіх тэнісістаў не дапусьцяць да Ўімбэлданскага турніру — аднаго з найпрэстыжнейшых у сьвеце