Падчас візыту ў ЗША Сьвятлана Ціханоўская перадала амэрыканскім палітыкам дакумэнты з доказамі саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў вайне, а таксама інфармацыяй пра лазейкі, якімі карыстаюцца беларускія ўлады для абыходу санкцыяў.
Падчас трохдзённага візыту ў ЗША Ціханоўская сустрэлася з:
- дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам і яго намесьніцай Вэндзі Шэрман;
- сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі;
- прадстаўнікамі Рады нацыянальнай бясьпекі;
- лідэрам рэспубліканцаў у Сэнаце Эдысанам Мітчэлам МакКонелам;
- кіраўніком камітэту Сэната ЗША па міжнародных адносінах Робэртам Мэнэндэсам;
- каардынатарам па санкцыях Дзярждэпартамэнту Джымам О’Браэнам;
- кіраўніком Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці (USAID) Самантай Паўэр,
- амэрыканскімі сэнатарамі.
Таксама ў Ціханоўскай адбылася кароткая гутарка з Білам і Гілары Клінтан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская правяла сустрэчу з кіраўніцтвам Дзярждэпартамэнту ЗШАОфіс Сьвятланы Ціханоўскай падвёў вынікі яе візыту ў ЗША:
- ЗША не прызнаюць рэжым Лукашэнкі і не зьбіраюцца аднаўляць зь ім дыпляматычныя ці палітычныя кантакты.
- Беларуская грамадзянская супольнасьць зможа разьлічваць на дапамогу ў рамках нядаўна прынятага пакету падтрымкі ў сувязі з агрэсіяй Расеі супраць Украіны. Аб’ём і фармат дапамогі ўдакладняюцца.
- ЗША будуць настойваць на прыцягненьні Лукашэнкі і ягоных памочнікаў да адказнасьці ў рамках міжнародных інстытутаў і судоў за рэпрэсіі супраць беларусаў і саўдзел у ваенных злачынствах супраць Украіны. Першая кансультатыўная сустрэча зь юрыстамі-міжнароднікамі, адвакатамі і сьледчымі па гэтай справе адбылася ў красавіку.
- Будзе створаная працоўная група або пастаянны канал сувязі для дэмакратычных сіл з тэхналягічнымі кампаніямі, такімі як Microsoft, Google і іншымі, для супрацьдзеяньня расейскай і ўрадавай дэзінфармацыі.
- Санкцыйная палітыка будзе накіраваная на далейшую ізаляцыю рэжыму да вызваленбня ўсіх палітвязбняў і вываду расейскіх войскаў зь Беларусі.
- Блякаваньне актываў памочнікаў рэжыму за мяжой і замарожваньне валютных рэзэрваў Нацбанку да разгляду пытаньня аб новых свабодных выбарах.
- Пытаньне аб беспрэцэдэнтным перасьледзе прафсаюзаў у Беларусі і арыштах іх лідэраў будзе ўзьнята на высокім узроўні. Кансультацыі па санкцыях Міжнароднай арганізацыі працы супраць рэжыму за перасьлед прафсаюзаў і працоўнага руху працягнуцца на наступным тыдні.
Акрамя таго, Сьвятлана Ціханоўская выступіла на CNN, Fox News, MSNBC, Sky News, Голасе Амэрыкі. Яна правяла брыфінг для карэспандэнтаў AFP, зьвярнулася да беларускай і ўкраінскай дыяспары, студэнтаў і выкладчыкаў Унівэрсытэта Джорджа Вашынгтона, а таксама да экспэртаў па Ўсходняй Эўропе Брукінгскага інстытута.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася са сьпікерам Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі