Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская правяла сустрэчу з кіраўніцтвам Дзярждэпартамэнту ЗША


Намесьніца дзяржсакратара ЗША Вэндзі Шэрман (зьлева) і Сьвятлана Ціханоўская
Намесьніца дзяржсакратара ЗША Вэндзі Шэрман (зьлева) і Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася ў Злучаных Штатах з намесьніцай дзяржсакратара ЗША Вэндзі Шэрман. Да часткі сустрэчы таксама далучыўся дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.

На сайце Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША паведамляецца: «Яны абмеркавалі падтрымку, якую рэжым Лукашэнкі працягвае аказваць несправакаванай вайне Расеі супраць Украіны, і намаганьні ЗША прыцягнуць рэжым да адказнасьці, а таксама няспыннае здушэньне правоў чалавека і дэмакратычных свабод».

Да часткі сустрэчы таксама далучыўся дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен (другі справа)
Да часткі сустрэчы таксама далучыўся дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен (другі справа)

Таксама абмяркоўвалася сытуацыя з палітвязьнямі. Вэндзі Шэрман падкрэсьліла, што Злучаныя Штаты працягваюць аказваць падтрымку дэмакратычным памкненьням беларускага народу.

Раней Ціханоўская сустрэлася ў Вашынгтоне са сьпікерам ніжняй платы парлямэнту ЗША Нэнсі Пэлосі.

«На сёньняшняй сустрэчы з Нэнсі Пэлосі ў Вашынгтоне мы пагадзіліся з тым, што Беларусь павінна быць найвышэйшым прыярытэтам для Злучаных Штатаў. Дэмакратычны сьвет павінен аб’яднацца перад тварам тыраніі. Мы чакаем ад ЗША моцнага лідэрства і рашучых мераў», — паведаміла Ціханоўская ў Twitter па выніках сустрэчы.

Таксама Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з амэрыканскімі сэнатарамі — прадстаўнікамі Дэмакратычнай партыі Джын Шагін (ад штату Нью-Гэмпшыр), Крысам Ван Голенам (ад штату Мэрылэнд), Ронам Джонсанам (штат Вісконсін), Рычардам Дурбіным (штат Ілінойс) і прадстаўніком Рэспубліканскай партыі сэнатарам Ліндсі Грэмам (штат Караліна).

«Я падкрэсьліла, што падтрымка Беларусі заключаецца ў спалучэньні санкцый супраць рэжыму і дапамогі людзям», — адзначыла Ціханоўская, гаворачы пра сустрэчу з сэнатарамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG