Кіраўнік МНС пракамэнтаваў інфармацыю пра тое, што Брагін «зафаніў»

Брагін

Радыяцыйны фон у Брагіне можа мяняцца ў залежнасьці ад сэзону, але ўсё роўна застаецца ў межах нормы. Пра гэта заявіў кіраўнік Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Вадзім Сіняўскі, камэнтуючы інфармацыю пра тое, што Брагін «зафаніў», тэлеканалу «Беларусь 1», паведамляе zerkalo.io.

«Я магу сказаць, што гэта сэзонны элемэнт радыяцыі. У зімовы пэрыяд, калі ўсе знаходзяцца пад сьнегам — ёсьць такое паняцьце, як экранаваньне. Там усё чыста і акуратна. А, калі мы гаворым пра вясновую паводку, калі адталая вада ідзе ў грунт і гэтак далей, зразумела, крыху зьмяняецца фон. Але ён усё роўна застаецца ў рамках дапушчальных нормаў. Калі прыходзіць восеньскі пэрыяд, калі ўсё пакрыта расьліннасьцю — усё адпавядае гэтым нормам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакінулі пасьля сябе ўсё, нават тушонку і снарады». На Палесьсі забаранілі наведваць лясы — там былі лягеры расейскіх вайскоўцаў

Міністар адзначыў, што кожны дзень яму на стол кладзецца карта па радыяцыі.

«Усё ў нас адпавядае тым нормам, якія былі пралічаныя спэцыялістамі, правераныя», — запэўніў Сіняўскі.

Ён раскрытыкаваў паведамленьні аб тым, што расейская вайсковая тэхніка, якая вярнулася з украінскай тэрыторыі з зоны ЧАЭС, увайшла на тэрыторыю Беларусі «наскрозь прасякнутая радыяцыяй». Кіраўнік МНС заявіў, што такая інфармацыя пашыраецца «з мэтай дыскрэдытацыі дзяржаўных органаў», каб «стварыць нэгатыў да нашай краіны».