Нямеччына падала супраць Італіі пазоў у Гааскі суд

Бэніта Мусаліні і Адольф Гітлер на адным з парадаў

Спрэчка тычыцца кампэнсацыі злачынстваў нацыстаў у ХХ стагодзьдзі.

Нямеччына падала на Італію ў Міжнародны суд ААН у Гаазе ў сувязі з канфліктам вакол выплаты кампэнсацый за нацысцкія злачынствы, учыненыя ў гады ІІ сусьветнай вайны. Фэдэратыўная рэспубліка абвінавачвае Італію ў тым, што тая, насуперак рашэньню Міжнароднага суду ААН ад 2012 году, дапусьціла супраць Нямеччыны новыя працэсы ў справе аб кампэнсацыях (ня менш за 25 пазоваў, у 15 зь іх рашэньне вынесена на карысьць пазоўнікаў), піша Deutsche Welle.

Найвышэйшы суд ААН дзесяць гадоў таму вынес па выніках працяглага разгляду рашэньне, паводле якога Нямеччына не павінна выплачваць індывідуальныя кампэнсацыі інтэрнаваным і іншым ахвярам нацызму ў Італіі. Тым самым Міжнародны суд пацьвердзіў прынцып дзяржаўнага імунітэту, паводле якога судовыя рашэньні, вынесеныя ў Італіі на карысьць прыватных пазоўнікаў, зьяўляюцца несапраўднымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 78 жыхароў Украіны, якія перажылі Галакост, эвакуавалі ў Нямеччыну

Бэрлінскі ўрад аргумэнтуе сваю пазыцыю тым, што пытаньні кампэнсацый ужо ўрэгуляваныя ў рамках міждзяржаўных пагадненьняў па выніках ІІ сусьветнай вайны. У 2008 годзе ФРН зьвярнулася ў Міжнародны суд ААН, каб устанавіць, ці сумяшчальныя з нормамі міжнароднага права вынесеныя ў Італіі судовыя рашэньні, якія абавязваюць Нямеччыну да выплаты індывідуальных кампэнсацый.

Гэтыя рашэньні распаўсюджваюцца на злачынствы, учыненыя паміж верасьнем 1943 і траўнем 1945 году ў пэрыяд нацысцкай акупацыі Італіі.

Прысуды Міжнароднага суду маюць абавязковую сілу. У той жа час суд ААН ня мае інструмэнтаў, каб забясьпечыць выкананьне вынесеных ім рашэньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэлегацыя Беларусі паўдзельнічае ў цырымоніі з нагоды вызваленьня канцлягеру Маўтхаўзэн, нягледзячы на просьбу не прыяжджаць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяда ня проста ў тым, што «рускія хочуць вайны» — бяда, што многія ў Расеі ня ўмеюць хацець нічога іншага, — Макс Шчур