Пазыцыя Лукашэнкі адносна вайны ва Ўкраіне не дадала яму легітымнасьці

Аляксандар Лукашэнка

Можна меркаваць, што Лукашэнка, магчыма, інтуітыўна спрабуе скарыстаць досьвед 2014 году, тыя грамадзкія настроі, якія зьявіліся пасьля Крыма і Данбаса, каб пашырыць сацыяльную базу свайго рэжыму цяпер, падчас новай вайны Расеі з Украінай.

Сьцісла:

  • У 2014 годзе, калі пачаўся расейска-украінскі канфлікт, незалежныя сацыёлягі фіксавалі, што 2/3 беларусаў падтрымалі Расею.
  • Па аналёгіі з 2014 годам Лукашэнка меркаваў, што большасьць беларусаў падтрымае РФ і ў цяперашняй вайне.
  • Аднак атрымаць упэўненую грамадзкую падтрымку сваёй пазыцыі адносна вайны ва Ўкраіне Лукашэнку не ўдалося.
  • Іншая справа, што вайна ва Ўкраіне стала прычынай новых ліній расколу ў грамадзтве.

Раней даводзілася пісаць, што Лукашэнка спрабуе паўтарыць свой палітычны курс 2014-2020 гадоў у кірунку замежнай палітыкі. То бок скарыстацца вайной Расеі з Украінай і канфліктам з Захадам, каб размарозіць адносіны з ЗША і ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму сёньня немагчымы дыялёг паміж Менскам і Брусэлем

Але можна меркаваць, што Лукашэнка, магчыма, інтуітыўна спрабуе скарыстаць той досьвед, тыя грамадзкія настроі, якія зьявіліся пасьля Крыма і Данбаса, каб пашырыць сацыяльную базу свайго рэжыму цяпер, падчас новай вайны Расеі з Украінай.

Нагадаю, што ў 2014 годзе, калі пачаўся расейска-украінскі канфлікт, незалежныя сацыёлягі фіксавалі, што 2/3 беларусаў падтрымалі Расею. То бок большасьць беларускага насельніцтва займала больш прарасейскія пазыцыі, чым афіцыйны Менск, які ўзяў курс на нэўтралітэт, няхай і адносны. Гэтая сытуацыя была нават трохі дыскамфортная для ўладаў, бо давала Маскве дадатковыя рычагі ўплыву на Беларусь.

У 2020 годзе Лукашэнка страціў падтрымку большасьці насельніцтва. Усе незалежныя экспэрты дружна канстатавалі, што памяняць гэтую сытуацыю ён не ў сілах, яму наканавана да канца кіраваньня быць прадстаўніком меншасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадарка ЗША назвала тры рэчы, якія неабходна зрабіць афіцыйнаму Менску для пачатку дыялёгу з Захадам

І тут прыляцеў «чорны лебедзь» — вайна Расеі супраць Украіны, прычым РФ задзейнічала для нападу тэрыторыю Беларусі. І гэтая падзея ў асноўным мела для кіроўнага рэжыму нэгатыўныя наступствы: статус саўдзельніка агрэсіі, новыя «пякельныя» эканамічныя санкцыі, антываенныя настроі ў краіне і інш.

Але, магчыма, актыўная палітычная падтрымка Лукашэнкам Расеі ў гэтай вайне, акрамя ўсіх вядомых чыньнікаў (моцная залежнасьць ад Крамля), мела яшчэ адну мэту. Па аналёгіі з 2014 годам ён меркаваў, што большасьць беларусаў падтрымае РФ і ў цяперашняй вайне. Гэта значыць, прарасейскія настроі большасьці беларусаў і абсалютна прарасейская пазыцыя кіраўніцтва дзяржавы ўступяць у рэзананс. І ўпершыню з 2020 года Лукашэнка атрымае падтрымку большасьці, ягоная сацыяльная база пашырыцца, ён зноў стане «народным прэзыдэнтам», а не «прэзыдэнтам АМАПу». То бок вайна легітымізуе рэжым. А апазыцыя, якая рашуча і актыўна падтрымала Ўкраіну, зноў маргіналізуецца, апынецца ў гета, як тое было да 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафэсар Андрэй Зубаў: «Пераварот у Расеі непазьбежны. Рэжым Лукашэнкі пражыве бяз Пуціна адзін тыдзень»

Ці збыліся надзеі? Што паказала сацыялёгія?

Паводле сацыялягічных дадзеных прафэсара Андрэя Вардамацкага, толькі 24% апытаных беларусаў ускладалі віну на Расею за гэтую вайну, а 52% лічаць, што вінаватыя Ўкраіна і Захад. Здавалася б, Лукашэнка атрымаў, што хацеў.

Аднак 52% — гэта не 2/3, як у 2014 годзе. Але далей высьвятляецца, што ўласна саму вайну РФ супраць Украіны падтрымалі 43% і не падтрымалі — 52%. А супраць выкарыстаньня расейцамі беларускай тэрыторыі для нападу на Ўкраіну выказалася 62%.

То бок атрымаць упэўненую грамадзкую падтрымку сваёй пазыцыі адносна вайны ва Ўкраіне Лукашэнку не ўдалося. Ня думаю, што працяг ваенных дзеяньняў дасьць яму дадатковыя палітычныя дывідэнды.

Іншая справа, што вайна ва Ўкраіне стала прычынай новых лініяў расколу ў грамадзтве. Высьветлілася, што пэўная частка пратэставай супольнасьці мае прарасейскія сымпатыі. То бок далёка ня ўсе, хто супраць Лукашэнкі, прыхільны да дэмакратычных каштоўнасьцяў. Гэта было зразумела і ў 2020 годзе. Але цяперашняя ўкраінская трагедыя выцягнула гэтую акалічнасьць на паверхню, выявіла з дапамогай сацыялёгіі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.