Расейскія вайскоўцы выкралі ў Запароскай вобласьці двух брытанскіх валянтэраў, — Офіс генпракурора Ўкраіны

Расейскіх вайскоўцаў, падазраваных у выкраданьні брытанскіх цывільных валянтэраў, абвінавачваюць у парушэньні законаў і звычаяў вайны

Расейскія вайскоўцы выкралі ў Запароскай вобласьці двух брытанскіх добраахвотнікаў. Пра гэта паведамляе Офіс генпракурора Ўкраіны. Украінскія ўлады распачалі крымінальную справу паводле артыкула аб парушэньні законаў і звычаяў вайны.

«Паводле сьледзтва, 25 красавіка 2022 году вайскоўцы ўзброеных сілаў РФ выкралі двух добраахвотнікаў зь Вялікай Брытаніі, якія займаліся арганізацыяй і забесьпячэньнем эвакуацыйных калідораў у Запароскай вобласьці. На дадзены момант іх месцазнаходжаньне невядомае», — адзначылі ў пракуратуры Ўкраіны.

Пра тое, што расейскія вайскоўцы выкралі двух брытанскіх валянтэраў, першым паведаміў журналіст BBC і CNN Дамінік Бірн.

Па словах Бірна, 28 красавіка гэтыя валянтэры спрабавалі эвакуаваць маці з двума дзецьмі з падкантрольнага Расеі паселішча, але расейскія вайскоўцы спынілі іх на блёк-посьце, пасьля чаго кантакт з брытанцамі зьнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ля Харкава вызвалілі тры вёскі, на Данбасе ідуць баі. 65-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны