На гомельскім прадпрыемстве работнікам прапанавалі ехаць у Польшчу, звальняцца або «проста сядзець у сталовай» 

Гомельскае прадпрыемства «Дэлкам40»

Супрацоўнікі гомельскага прадпрыемства «Дэлкам40» расказалі Zerkalo.io, што ім цяпер выплочваюць толькі дзьве траціны заробку, а з наступнага тыдня ім давядзецца прыходзіць на працу і «проста сядзець», нават у начную зьмену.

Прадпрыемства «Дэлкам40» — даччыная кампанія польскай групы кампаній «COM40», якія вырабляюць мэблю і іншую прадукцыю для IKEA. На сайце кампаніі значыцца, што ў штаце працуюць больш за 2 100 чалавек, «у асноўным, рабочыя прафэсіі».

Некалькі супрацоўнікаў «Дэлкам40» расказалі, што ўжо з пачаткам вайны Расеі супраць Украіны і з сыходам IKEA з расейскага рынку ў кампаніі пачаліся праблемы.

«Нас усіх адправілі ў чарговыя адпачынкі. Пасьля перавялі на 2/3 акладу (гэта крыху больш за 350 рублёў на рукі). У гэты час мы сядзелі дома», — кажуць работнікі.

А 27 красавіка на агульным сходзе супрацоўнікам «Дэлкам40» абвясьцілі: з 4 траўня ім давядзецца прыходзіць на працу і проста знаходзіцца ў сталовай — такое распараджэньне, як вядома работнікам, далі прынамсі цэху вытворчасьці мяккай мэблі. Наколькі зразумелі рабочыя, ранішнія, дзённыя і начныя зьмены будуць працягвацца згодна з графікам, але цяпер яны абавязаныя проста быць на працоўным месцы. У выпадку няяўкі, паводле Працоўнага кодэксу, будзе звальненьне з прагул.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Штадлер Менск» накіравала ў прастой 59 рабочых з прычыны «эпідэмялягічнай сытуацыі» і збою паставак

Супрацоўнікі «Дэлкам40» зьвярталіся на гарачую лінію Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, але там адказалі, што парушэньняў у такім рашэньні працадаўцы няма: калі дамова калектыўная, падчас прастою супрацоўнікі «павінны быць на бачным месцы».

Колькі працягнецца прастой, дакладна невядома. Адзін з суразмоўцаў удакладніў, што на агульным сходзе агучылі імаверны тэрмін — да канца траўня.

Па словах работнікаў, на сходзе кіраўніцтва заявіла, што ня варта чакаць паляпшэньняў празь месяц, і прапанавала ім 3 варыянты: «Ехаць у Польшчу (адпраўляюць без праблем, першая партыя людзей ужо выехала туды), сядзець на 2/3 або звальняцца», — кажуць нашы суразмоўцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для Беларусі толькі харчы і лекі». Заходнія кампаніі адмаўляюцца працаваць з афіцыйным Менскам

У прыёмнай кампаніі «Дэлкам40» на пытаньне, ці ёсьць у кампаніі праблемы з вытворчасьцю, адказалі коратка: «У нас усё добра. Можна не турбавацца».

У аддзеле кіраваньня пэрсаналам адмовіліся размаўляць. Дырэктар «Дэлкам40» Мацей Ачахоўскі, выслухаўшы пытаньне журналісткі, адразу ж кінуў слухаўку.

Тыдзень таму кіраўнік праекту па закупцы мэтолу «Дэлкам40» Сяргей Патапаў у камэнтары расейскаму выданую bfm.ru прызнаваўся, што ў гэты момант вытворчасьць практычна спыненая, хаця раней прадпрыемства рабіла для IKEA каля 20 тысяч канапаў у тыдзень: «Мы страцілі 90% збыту, вытворчасьць практычна спынена», — сказаў ён і дадаў, што цяпер кампанія знайсьці новыя рынкі збыту, але, паводле яго разьлікаў, «каб выйсьці хаця б у нуль, спатрэбіцца недзе каля паўгода».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ежа будзе даражэйшая, вопратка горшая». Што стала зь беларускай эканомікай за 2,5 тыдня вайны — у 10 прыкладах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь напэўна «нырне» у крызіс разам з Расеяй — меркаваньне эканаміста

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.