Апошні раз аналягічная працэдура дзейнічала падчас Другой сусьветнай вайны. Цяпер гэта можа стаць важным фактарам у расейска-ўкраінскім супрацьстаяньні, піша BBC.
Яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны амэрыканскія ўлады пачалі пастаўляць Украіне сьмяротную зброю. З пачаткам вайны 24 лютага аб’ёмы вайсковых паставак істотна павялічыліся і дасягнулі 3,7 млрд даляраў. ЗША даюць Украіне ня толькі зброю і тэхніку, але і грошы на набыцьцё іншага ўзбраеньня.
У разы павялічыць гэтую ваенную дапамогу мае закон аб лэнд-лізе для Ўкраіны. Сэнат ЗША аднагалосна падтрымаў яго 6 красавіка. 28 красавіка яго падтрымала Палата прадстаўнікоў, цяпер патрэбен подпіс прэзыдэнта Джо Байдэна, які ўсяляк падтрымлівае Ўкраіну ў яе змаганьні з расейскім агрэсарам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскія кангрэсмэны прагаласавалі за законапраект аб лэнд-лізе і абароне дэмакратыі ва ЎкраінеКалі закон аб лэнд-лізе прымалі апошні раз і што гэта дало
Апошні раз закон аб перадачы матэрыяльнай дапамогі эўрапейскім саюзьнікам у ЗША быў прыняты ў сакавіку 1941 году, падчас Другой сусьветнай вайны. Працэдура «lend lease», гэта значыць літаральна «перадача ў арэнду або пазыка», прадугледжвала, што Вашынгтон у сьціслыя тэрміны перадае вайсковую і цывільную тэхніку, зброю, абсталяваньне, боепрыпасы і іншую маёмасьць краінам, чыя абарона зьяўляецца «жыцьцёва важнай» для ЗША. У такія краіны спачатку ўваходзілі Вялікая Брытанія і Кітай, а потым Францыя і СССР.
За 4 гады вайны ЗША паставілі саюзьнікам тавараў і зброі амаль на 50 мільярдаў даляраў, што па цяперашніх цэнах складала б каля 700 млрд. Больш за ўсіх тады атрымала Вялікая Брытанія — 31,4 млрд, на другім месцы быў Савецкі Саюз — 11, 4 млрд даляраў. Варта адзначыць, што ўласна зброя, а таксама танкі і самалёты, складалі меншую частку сярод маёмасьці, якую Вашынгтон перадаваў Маскве. У асноўным па лэнд-лізе ішлі аўтамабілі, радыёстанцыі, станкі, вагоны і паравозы, нафтапрадукты, сталёвыя лісты, порах, харчовыя прадукты і іншыя тавары.
Гэтая прадукцыя дазволіла СССР утрымаць тэмп вытворчасьці ўласнага ўзбраеньня і тэхнікі і прывяла да перамогі саюзьнікаў. Напрыклад, амэрыканскія вагоны і гаручае дазвалялі дастаўляць падмацаваньне і зброю на фронт. Матэрыялы, станкі выкарыстоўвалі пры вырабе баявой тэхнікі, прадукты працяглага захоўваньня вырашалі праблемы зь недахопам харчаваньня ў савецкіх салдат і мірных жыхароў.
Паводле папярэдніх дамоўленасьцяў, частку маёмасьці Савецкі Саюз павінен быў аплаціць пастаўшчыку, але СССР не задаволіў выстаўлены амэрыканскім урадам пасьля вайны рахунак у 2,7 млрд даляраў. Падчас доўгіх і цяжкіх перамоваў паміж краінамі падчас халоднай вайны гэтая сума зьнізілася да 720 млн даляраў. Канчаткова доўг пагасіла ўжо Расейская Фэдэрацыя ў 2006 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн просіць Кангрэс выдзеліць 33 млрд даляраў на падтрымку ЎкраіныНовая-старая праграма
Новая вайна ў Эўропе паказала актуальнасьць старых інструмэнтаў дапамогі. Фактычна працэдуры, аналягічныя амэрыканскаму лэнд-лізу, а менавіта бязвыплатную перадачу зброі і тэхнікі для Ўкраіны, увялі ўжо многія краіны Эўропы, а таксама Канада, Японія і Аўстралія.
У Злучаных Штатах вырашылі, што вывесьці гэтыя працэсы на якасна новы ўзровень зможа менавіта законапраект аб лэнд-лізе для Ўкраіны. У тэксьце дакумэнта гаворыцца аб наданьні прэзыдэнту ЗША пашыраных паўнамоцтваў па перадачы або прадастаўленьні ў арэнду Ўкраіне абаронных вырабаў для «абароны цывільнага насельніцтва ад расейскага ваеннага ўварваньня» і для іншых мэтаў.
Таксама ў дакумэнце адзначаецца, што любая пазыка або арэнда абаронных вырабаў Украіне будзе мець умовы вяртаньня, кампэнсацыі і пагашэньня пазыкі або арэнды. Пасьля прыняцьця акту кіраўнік Белага Дома абавязаны на працягу 60 дзён устанавіць паскораныя працэдуры дастаўкі прадукцыі.
Украінскі бок адрэагаваў на гэты праект станоўча і заявіў, што чакае яго найхутчэйшага прыняцьця і рэалізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына дасьць Украіне самаходныя зэнітныя ўстаноўкі GepardЗялёнае сьвятло
Былы амбасадар Украіны ў Вашынгтоне Валерый Чалы лічыць, што гэты крок мае важнае гістарычнае значэньне.
«Расейская агрэсія, якая накіравана, перш за ўсё, на зьнішчэньне Ўкраіны, успрымаецца нарэшце як экзыстэнцыйная пагроза для эўрапейскай і сусьветнай бясьпекі», — лічыць ён.
Чалы зьвяртае ўвагу, што закон аб лэнд-лізе сьведчыць аб упэўненасьці ЗША ў перамозе Ўкраіны. Сапраўды, калі правесьці гістарычныя паралелі, то абʼёмы ваенных паставак з Амэрыкі ў Савецкі Саюз значна павялічыліся менавіта пасьля пералому ў вайне ў 1943 годзе, калі немцы пацярпелі няўдачу і пачалі адступаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нямеччыне на сустрэчы міністраў абароны з 40 краін сьвету абмяркоўваюць дапамогу ЎкраінеАлена Гетманчук, дырэктар аналітычнага цэнтру «Новая Эўропа», таксама зьвяртае ўвагу, што працэдура лэнд-лізу значна спросьціць і паскорыць перадачу зброі Ўкраіне, але, на яе думку, гэта больш сымбалічны, чым практычны жэст.
«Пасьля таго, як ЗША пару тыдняў таму далі зялёнае сьвятло для забесьпячэньня Ўкраіны цяжкай зброяй і рэальна ўключыліся актыўна ў гэты працэс, гэты законапраект ня мае ўжо такога крытычнага значэньня, але служыць важным сыгналам і веры, і даверу — веры ў перамогу Ўкраіны і даверу да ўкраінскага вайскова-палітычнага кіраўніцтва», — тлумачыць яна BBC News Украіна.
Пры гэтым Гетманчук адзначае, што апошняе слова ў гэтым пытаньні будзе толькі за прэзыдэнтам Байдэнам. Яго пазыцыя з 2014 году па пастаўцы зброі для Ўкраіны трансфармавалася ў станоўчы для Кіева бок, адзначае яна. «Аднак усё яшчэ недастаткова станоўчы для такіх пазыцый, як зьнішчальнікі, скажам», — дадае аналітык.
Пакуль просьбы Кіева даць баявую авіяцыю застаюцца без станоўчага адказу з боку заходніх саюзьнікаў. Закон аб лэнд-лізе дае важкія падставы ссунуць яго зь месца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм'ер Брытаніі паабяцаў прэзыдэнту Ўкраіны паставіць бранетэхніку «ў найбліжэйшыя дні» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як сьвет адкажа на выклік бойні ў Бучы? Дыскусія экспэртаў