Журналістцы Слаўнікавай выставілі новае абвінавачаньне, ей пагражае да 7 гадоў зьняволеньня

Ірына Слаўнікава, архіўнае фота

Журналістку Ірыну Слаўнікаву абвінавачваюць паводле 2 артыкулаў Крымінальнага кодэксу: да раней выстаўленага артыкула аб «грубым парушэньні грамадзкага парадку» дабавілі артыкул аб «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня», расказаў Zerkalo.io яе бацька Аляксандар Слаўнікаў.

Пра гэта, паводле бацькі журналісткі, даведаўся яе адвакат, калі падаваў скаргу на затрыманьне Ірыны і яе ўтрыманьне ў СІЗА. У чым канкрэтна сутнасьць выстаўленых ёй абвінавачаньняў, Аляксандар Слаўнікаў ня ведае — сьледчыя ўзялі з адвакатаў падпіску аб невыдаваньні.

Вядома, што справа была перададзена ў пракуратуру і ўжо на наступным тыдні можа паступіць у суд.

«Адвакат кажа, што няма ніякіх падставаў для закрытага судовага працэсу. Тым ня менш ён лічыць, што слуханьні будуць засакрэчаныя. З той прычыны, што доказная база вельмі слабая і, калі суд будзе публічным, усе зразумеюць, што Ірына невінаватая ў тых злачынствах, у якіх яе абвінавачваюць», — кажа бацька журналісткі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістку Ірыну Слаўнікаву перавялі ў СІЗА, яна падазраваная ў крымінальнай справе

Максымальны тэрмін пакараньня па ч. 1 арт. 361–1 Крымінальнага кодэксу («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня, а таксама фармаваньня, дзейнасьць якога накіраваная на рэабілітацыю нацызму, або кіраўніцтва такім фармаваньнем\яго структурным падразьдзяленьнем») — да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Ірыну Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі ў канцы кастрычніка 2021 году ў менскім аэрапорце, калі яны вярталіся з адпачынку. Яны адсядзелі па 30 дзён адміністратыўнага арышту: па 15 — за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», другія 15 — за «дробнае хуліганства».

Пазьней стала вядома, што Ірына Слаўнікава стала падазраванай па арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Яе перавялі ў СІЗА на Валадарскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты