«Увечары вораг абстраляў Кіеў. Два трапленьні ў Шаўчэнкаўскім раёне. Усе службы на месцы», — заявіў Клічко ў сваім тэлеграм-канале.
У выніку вечаровага абстрэлу Кіева 28 красавіка ў Шаўчэнкаўскім раёне пацярпелі 10 чалавек, паведамляе Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацый Украіны. Там удар часткова зруйнаваў жылы 25-павярховы дом: пашкоджаньні атрымалі 1 і 2 паверхі. Пажар пасьпеў пашырыцца на плошчу 100 квадратных мэтраў.
На месцы праводзяць пошукава-выратавальныя працы. паводле папярэдніх зьвестак, пакуль удалося выратаваць 5 людзей. Інфармацыю пра пацярпелых і выратаваных удакладняюць. Да ліквідацыі наступстваў падключылі 12 адзінак пажарнай тэхнікі і 98 ратавальнікаў.
Як удакладніў падчас вечаровага відэазвароту Ўладзімір Зяленскі, па Кіеве было выпушчана 5 ракет.
Расейцы атакавалі сталіцу Ўкраіны ў дзень візыту генэральнага сакратара ААН Антонію Гутэрыша.
«Яшчэ заўчора Антонію Гутэрыш сядзеў за доўгім сталом у Крамлі, а сёньня за кілямэтар ад яго раздаюцца выбухі. Паштоўка з Масквы? Нагадайце, чаму Расея да гэтага часу займае крэсла ў Радзе Бясьпекі ААН?» — цытуе hromadske.ua дарадцу кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіла Падаляка.
У Кіеўскай вобласьці таксама адбыліся выбухі, сама меней, два чулі жыхары Фастава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар ААН пачаў свой візыт ва Ўкраіну з наведваньня зруйнаванай расейцамі Барадзянкі. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін паабяцаў Гутэрышу, што дазволіць прыцягнуць Чырвоны Крыж і ААН для эвакуацыі мірных грамадзянаў з Марыюпалю