Тры гады калёніі за камэнтар пад відэа зь Зельцарам

Андрэй Зэльцар, кадр зь відэазапісу

Палітвязьню Ўладзіміру Агіевічу прысудзілі тры гады калёніі за камэнтар пад відэазапісам перастрэлкі сілавікоў і IT-спэцыяліста Зельцара

Берасьцейскі суд прысудзіў палітвязьню Ўладзіміра Агіевіча тры гады калёніі агульнага рэжыму паводле арт. 130 КК (распальваньне варожасьці), паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Судзьдзя Святлана Крамянёўская ўгледзела распальваньне варожасьці ў камэнтары «Хороший кагэбэшник — мёртый кагэбэшник», які Агіевіч пакінуў 29 верасьня 2021 года ў суполцы «Онлайн Брест» пад відэазапісам перастрэлкі, у якой былі забіты супрацоўнік КДБ Дзьмітры Федасюк і IT-спэцыяліст Андрэй Зельцар, у кватэру якога ўварваліся сілавікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, за якія камэнтары ў «справе Зельцара» прысудзілі 2 гады турмы


У судзе Агіевіч прызнаў, што напісаў гэты камэнтар, але заявіў, што ў яго не было матыву, які яму прыпісаў бок абвінавачаньня. Паводле палітвязьня, ён быў перакананы, што відэаролік пастановачны, і пакінуў камэнтар, проста перафразаваўшы назву кінастужкі «Добры коп — мёртвы коп».

Адвакат Агіевіча адзначыў: судовая псыхоляга-лінгвістычная экспэртыза прыйшла да высновы, што камэнтар нэгатыўны. Разам з тым экспэрты не ўказалі, што ён абразьлівы або гераізуе Зельцара, які застрэліў супрацоўніка КДБ, што магло б трактавацца як «распальваньне варожасьці».

Судзьдзю гэтыя довады не пераканалі і яна вынесла прысуд, які запатрабаваў дзяржабвінаваўца.

  • Агіевіча затрымалі летась 29 верасьня — праз тры гадзіны пасьля таго, як ён напісаў камэнтар, за які яго пазбавілі волі. Да суду ён быў пад вартай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ужо і слова нельга сказаць». Сяброўка чакае хлопца, затрыманага за камэнтары ў «справе Зельцара»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усю сябе аддавала школе, дзецям». Што піша з турмы 68-гадовая настаўніца, затрыманая па «справе Зельцара»