Беларускую асацыяцыю журналістаў уганаравалі Сусьветнай прэміяй UNESCO за ўклад у свабоду прэсы

Беларускую асацыяцыю журналістаў (БАЖ) назвалі ляўрэатам Сусьветнай прэміі UNESCO/Гільерма Кано за ўклад у свабоду прэсы.

Такое рашэньне 27 красавіка агучыла журы прэміі.

«Зь першага дня заснаваньня ў 1995 годзе галоўная місія нашай арганізацыі — абарона правоў журналістаў і мэдыя. На жаль, апошнія гады беларускі мэдыясэктар вымушаны працаваць пад ударам небывалых рэпрэсій з боку ўладаў», — гаворыцца ў паведамленьні БАЖ у сувязі з прысуджэньнем узнагароды.

За апошнія паўтара года зафіксавана больш за тысячу выпадкаў парушэньня правоў журналістаў у Беларусі: арышты, ператрусы, ужываньне гвалту супраць прадстаўнікоў мэдыя, падкрэсьліваюць у арганізацыі: разгромлены рэдакцыі, журналісты вымушаныя выехаць з краіны альбо асуджаныя на доўгія гады турмы.

«24 прадстаўнікі мэдыя за кратамі — у такіх умовах сёньня даводзіцца працаваць беларускім журналістам».

У БАЖ нагадалі, што з ліпеня 2021 году офіс арганізацыі, якую ўлады пазбавілі дзяржаўнай рэгістрацыі, у Менску застаецца заблякаваным пасьля нападу сілавікоў.

«БАЖ расцэньвае высокую ўзнагароду UNESCO як падтрымку ўсёй незалежнай журналісцкай супольнасьці Беларусі і спадзяецца, што рашэньне аб прысуджэньні прэміі зможа прыцягнуць увагу да пагаршэньня сытуацыі са свабодай СМІ ў Беларусі», — падкрэсьлілі ў арганізацыі.

У лютым 46 дзяржаў, у тым ліку 27 краін — сяброў ЭЗ, вылучылі БАЖ на атрыманьне Сусьветнай прэміі UNESCO/Гільерма Кано за ўклад у справу свабоды прэсы, якая прысужаецца за садзейнічаньне або значны ўклад у справу абароны свабоды слова. Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода таксама намінавала БАЖ на гэтую прэмію.

Узнагарода заснавана ў 1997 годзе ў памяць калюмбійскага журналіста Гільерма Кана Ісаса, забітага ў 1986 годзе, і штогод прысуджаецца асобам людзям і арганізацыям, якія ўнесьлі вялікі ўклад у справу абароны і разьвіцьця свабоды слова ў розных краінах сьвету, асабліва калі гэта спалучана з небясьпекай для жыцьця.

Сьпіс папярэдніх ляўрэатаў тут.

Прысуджэньне прэміі прымеркаванае да Сусьветнага дня свабоды друку, які адзначаецца 3 траўня.

  • Беларуская арганізацыя журналістаў (БАЖ) — заснаваная ў 1995 годзе, уваходзіць у Міжнародную і Эўрапейскую фэдэрацыі журналістаў.
  • У сьнежні 2004 Эўрапарлямэнт уганараваў БАЖ прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».
  • 27 жніўня 2021 Вярхоўны Суд Беларусі ліквідаваў арганізацыю. БАЖ абскарджвае гэтае рашэньне ў міжнародных інстанцыях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускую асацыяцыю журналістаў вылучылі на прэмію ЮНЭСКА імя Гільерма Кана