Дэлегацыя Беларусі паўдзельнічае ў цырымоніі з нагоды вызваленьня канцлягеру Маўтхаўзэн, нягледзячы на просьбу не прыяжджаць

Вязьні канцлягеру Маўтхаўзэн каля Лінцу, сярэдзіна ХХ ст.

Пра намер удзелу афіцыйнай дэлегацыі на цырымоніі ў Аўстрыі заявілі ў беларускім МЗС.

Беларуская дэлегацыя мае намер узяць удзел у памятнай цырымоніі з нагоды 77-й гадавіны вызваленьня канцлягеру Маўтхаўзэн у Аўстрыі. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Анатоль Глаз. Ён адзначыў, што ўважліва азнаёміўся з паведамленьнямі, якія ёсьць у аўстрыйскай прэсе.

«Па факце сытуацыя выглядае так: амбасада Беларусі ў Вене яшчэ месяц таму атрымала адпаведнае афіцыйнае запрашэньне на памятную цырымонію ў канцлягеры Маўтхаўзэн. Па стане на сёньняшні дзень ніхто гэтага запрашэньня ў нас не адклікаў. Таму, хто б што ў аўстрыйскай прэсе ні заяўляў, амбасада Рэспублікі Беларусь запрошаная, мае намер і будзе ўдзельнічаць у памятных мерапрыемствах», — сказаў Глаз.

Чыноўнік падкрэсьліў, што «нават калі нехта вырашыць зараз нешта фармальна ў тэрміновым парадку адклікаць», беларускія дыпляматы ўсё роўна паедуць аддаць даніну памяці.

«Мы спадкаемцы народа-пераможцы, мы спадкаемцы народа-вызвольніка. Большасьць ахвяр гэтага канцлягеру ў Аўстрыі — грамадзяне рэспублік былога Савецкага Саюзу, так што ніхто ня мае права забараніць нам гэта зрабіць. Безумоўна, мы паважаем працу міжнароднага, аўстрыйскага камітэтаў, адміністрацыі гэтага мэмарыяльнага комплексу, мы шмат гадоў зь імі ўзаемадзейнічаем, але памяць аб ахвярах канцлягеру — гэта ня іх прыватная ўласнасьць», — адзначыў прадстаўнік беларускага замежнапалітычнага ведамства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адзін мэмарыял адмовіўся ад удзелу ўладаў Беларусі і Расеі ва ўшанаваньні ахвяраў нацызму

Раней Аўстрыйскае агенцтва друку паведаміла, што афіцыйныя дэлегацыі Беларусі і Расеі не запрасілі на цырымонію 77-й гадавіны вызваленьня канцлягеру, якая пройдзе 15 траўня.

«Удзел абедзьвюх краін быў бы несумяшчальны з клятвай вязьняў Маўтхаўзэну і іх імкненьнем да міру і свабоды», — патлумачыў старшыня Маўтхаўзэнскага камітэту Аўстрыі Вілі Мэрні.

Праз вайну ва Ўкраіне фонд «Мэмарыялы Бухэнвальду і Мітэльбаў-Дора» таксама папрасіў сёлета афіцыйныя дэлегацыі Расеі і Беларусі не прыяжджаць на гадавіну вызваленьня лягераў 10 красавіка. Рашэньне прынялі пасьля таго, як у Харкаве загінуў ад расейскага снарада вязень Бухэнвальду 96-гадовы Барыс Раманчанка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Нямеччыны ўшанаваў памяць вязьня нацысцкіх канцлягераў, які загінуў у Харкаве ад абстрэлаў расейскіх войскаў

Беларусь у Бухэнвальдзе прадстаўляў апазыцыйны палітык Павал Латушка. На памятнай цырымоніі дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг замянілі на бел-чырвона-белы. З гэтай нагоды Генпракуратура Беларусі пачала крымінальную справу аб распальваньні нацыянальнай варожасьці (ч. 2 арт. 130 КК).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заходнія дыпляматы, прачніцеся!» Павал Латушка пра сьцяг у Бухэнвальдзе, гульні з Лукашэнкам і ўрад у выгнаньні