Польскія яблыкі могуць вярнуцца. Урад скараціў сьпіс тавараў, якія нельга ўвозіць у Беларусь

Яблыкі

Урад Беларусі скараціў сьпіс тавараў, якія з 1 студзеня перасталі ўвозіць зь «недружалюбных» заходніх краін. З 27 красавіка зь яго выключаць у тым ліку яблыкі, грушы і салаты.

У Беларусі з 1 студзеня ў адказ на заходнія санкцыі ўвялі забарону на імпарт зь «недружалюбных краін». Пад абмежаваньні трапілі ў тым ліку мяса сьвежае, астуджанае і замарожанае буйной рагатай жывёлы, сьвініны і свойскай птушкі, субпрадукты, тлушчы, каўбасы, мяса салёнае, у расоле, сушанае або вэнджанае, харчовая мука зь мяса або мясных субпрадуктаў, малако і малочная прадукцыя, гародніна, садавіна і арэхі, кандытарскія вырабы, соль. Пад забаронай апынулася прадукцыя сярод іншага з краін ЭЗ, ЗША, Канады, Нарвэгіі, Вялікай Брытаніі.

У адказ на гэтыя меры міністар сельскай гаспадаркі суседняй Польшчы Генрых Кавальчык сказаў, што такімі захадамі Беларусь сама наносіць шкоду сабе і эмбарга ня будзе працягвацца доўга. Праз тры месяцы, з 27 красавіка Саўмін дазволіў увозіць зь «недружалюбных» краін у тым ліку яблыкі, грушы, кабачкі, баклажаны, сьвежы салодкі баўгарскі перац, салату-латук (сярод іншага гэта «Айсбэрг», «Рамана», «Лола-роса»), рукалу, мангольд і шпінат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Nivea i cыры з Эўразьвязу. Што цяпер з прадукцыяй, супраць якой змагаліся беларускія ўлады

Імпартэры змогуць увозіць такія тавары з краін, якія ўрад аднёс да «недружалюбных». У продажы могуць зноў зьявіцца грушы зь Нідэрляндаў і Бэльгіі, а таксама яблыкі з Польшчы.

Калі ў пачатку года Менск увёў харчовае эмбарга шэрагу заходніх прадуктаў харчаваньня, то многія прадукты можна было ўвозіць толькі па спэцыяльнай квоце. Гэтае рашэньне паўплывала на прапанову і тым самым прывяло да росту цэнаў на некаторыя імпартныя прадукты.

Напрыклад, з-за контрасанкцый у пачатку году з продажу зьніклі польскія яблыкі, якія часта былі таньнейшыя за беларускія. Многія гандлёвыя сеткі ўзамен польскіх сталі закупляць украінскія яблыкі, але яны былі даражэйшыя. Пасьля пачатку вайны пастаўкі ўкраінскіх яблыкаў спыніліся, піша Zerkalo.io.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэйкавыя партызаны, інфляцыя і жорсткія санкцыі. Што стала зь Беларусьсю за два месяцы вайны

У Беларусі ня першы год узьнікаюць праблемы з наяўнасьцю ў продажы беларускіх яблыкаў, асабліва бліжэй да вясны. Праўда, у некаторых выпадках яны заканчваюцца яшчэ на пачатку году.

Напрыклад, у чэрвені 2020 году Дзяржкантроль паведаміў аб дэфіцыце беларускіх яблыкаў у Горадзенскай вобласьці, бо яблыкі са стабілізацыйнага фонду, якія павінны былі быць у наяўнасьці да канца траўня, скончыліся яшчэ ў студзені. У такіх сытуацыях Беларусі дапамагалі польскія фэрмэры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі рэкордная месячная інфляцыя за 10 гадоў. Улады павысілі мінімальны заробак