Мастака і палітвязьня Алеся Пушкіна адправілі ў папраўчую калёнію № 22 у Івацэвіцкі раён («Воўчыя норы»).
Пра гэта праваабаронцам стала вядома ад ягоных сваякоў. Зь менскага СІЗА № 1 Пушкіна этапавалі дзесяць дзён таму.
30 сакавіка Алеся Пушкіна асудзілі на 5 гадоў калёніі строгага рэжыму (падчас закрытага працэсу ён парэзаў сабе жывот на знак пратэсту).
Крымінальную справу разглядаў Менскі гарадзкі суд, судзьдзя Алена Шылько. Мастака прызналі вінаватым у «наўмысных дзеяньнях у рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асоб» і ў «зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў». Падставай для абвінавачаньняў сталі карціны з цыклу «Беларускі супраціў» і пэрфоманс, які ён правёў ва Ўкраіне. Вяртаючыся з Кіева, Пушкін ведаў, што на яго на радзіме завялі крымінальную справу.
Алесь Пушкін знаходзіцца за кратамі з сакавіка 2021-га. Апэляцыйную скаргу палітвязень адмовіўся падаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Неабходную суму на дапамогу сям’і палітвязьня Алеся Пушкіна сабралі за 8 гадзін