Мэтавая сума збору на падтрымку мастака-палітвязьня Алеся Пушкіна і ягонай сям’і была дасягнутая за 8 гадзін. Аднак збор на плятформе Getdonate яшчэ працягваецца, піша by_culture.
У пятніцу, 8 красавіка, скончыцца 10-дзённы тэрмін паміж судом і набыцьцём прысудам сілы. Гэта значыць, што грошы на «атаварку» ў СІЗА для Алеся Пушкіна ад усіх ахвочых прымаюць толькі да пятніцы. Пазьней магчымасьць пераводзіць сродкі для яго будзе толькі ў сваякоў.
Мастак Алесь Пушкін, якога судзілі за зачыненымі дзьвярыма, на пасяджэньні 25 сакавіка на знак пратэсту парэзаў сабе жывот, піша «Белсат». 30 красавіка яго асудзілі на 5 гадоў турмы.
Мастака можна падтрымаць і лістом ці паштоўкай:
Аляксандру Мікалаевічу Пушкіну
СІЗА №1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030.
Справа Алеся Пушкіна
Вядомага беларускага мастака затрымалі 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну. Усё адбылося проста ў царкве, на рэстаўрацыі якой Алесь Пушкін працаваў. Да аб’екта прыехала група сілавікоў і запрасіла мастака ехаць зь імі. Калі Пушкін адмовіўся, яго проста вынесьлі з будынку на руках, а пасьля адправілі ў горадзенскую турму.
За чатыры дні да гэтага пракуратура Горадні завяла супраць Пушкіна крымінальную справу «за зьдзяйсьненьне наўмысных дзеяньняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму». У канцы сьнежня 2021 году да гэтага яшчэ дадаўся «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў». Справу накіравалі ў суд.
Артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх абвінавачваюць мастака, прадугледжваюць пазбаўленьне волі нават да 12 гадоў. Яшчэ нікому з сучасных беларускіх мастакоў не пагражала настолькі суворае пакараньне.