Дзясяткі прыкладаў змаганьня беларусаў супраць расейскага нападу на Ўкраіну Свабода зьбірае на адной мапе.
Паводле выданьня Washington Post, менавіта беларускія «рэйкавыя партызаны» сарвалі штурм Кіева
Зь першых жа дзён уварваньня ва Ўкраіну ў Беларусі пачала працаваць таемная сетка, у якую ўвайшлі чыгуначнікі, хакеры і перабежчыкі з органаў бясьпекі, каб пашкодзіць чыгуначныя шляхі, тым самым прычыніўшы шкоду расейскім лягістычным ланцужкам.
Пачынаючы з 26 лютага, праз два дні пасьля ўварваньня, сэрыя зь пяці дывэрсійных нападаў на сыгнальныя шафы прывяла да амаль поўнага спыненьня руху расейскіх цягнікоў у Беларусі, паведамляе WP.
Чыгуначнікаў затрымлівалі выпадковым чынам, і па стане на канец красавіка сама меней 11 беларусаў знаходзяцца пад вартай праз падазрэньне ва ўдзеле ў «тэрактах».
За антываеннае выказваньне звольнілі гомельскую настаўніцу
У школе № 62 Гомля за антываеннае выказваньне звольнілі настаўніцу расейскай мовы і літаратуры Аксану Чачоткіну.
Пра звальненьне выданьню «Флагшток» расказалі бацькі вучняў гэтай школы.
Настаўніца выказалася супраць вайны, якую распачала Расея ва Ўкраіне. Пра гэта адміністрацыі школы паведаміла вучаніца 10-й клясы. Адміністрацыя прымусіла настаўніцу звольніцца за месяц да заканчэньня навучальнага году.
У Беларусі працягваюць караць за выказваньне антываеннай пазыцыі
44-гадовага Рыгора Камянюка, якога ўжо судзілі за антываенны пратэст, затрымалі паўторна. Мужчына мусіў выйсьці на волю, але яго зноў абвінавацілі ў парушэньні парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў, нібыта за тое, што ў ізалятары на Акрэсьціна ён выгукнуў «Слава Ўкраіне!».
11 затрыманых рэйкавых партызанаў прызналі палітвязьнямі. У сьпіс палітвязьняў уключаныя Сяргей Глебка, Дзьмітры Равіч, Дзяніс Дзікун, Алег Малчанаў, Сяргей Канавалаў, Сяргей Пляшкун, Юры Сельвіч, Яўген Мінкевіч, Дзьмітры Клімаў, Уладзімер Аўрамцаў — усім ім інкрымінаваны артыкул 289 КК (акт тэрарызму).
Кабінэт Сьвятланы Ціханоўскай адкрывае філію Офісу ў Кіеве. З гэтай мэтай былы дыплямат Валер Кавалеўскі з камандай паехаў ва Ўкраіну, паведаміў тэлеграм-канал «Кабінэт прадстаўнікоў Сьвятланы Ціханоўскай».
«Падчас мінулага візыту мяне ўразіла, што там вельмі не хапае голасу і прысутнасьці беларусаў. Таму зараз мы думаем пра тое, каб арганізаваць наш сталы офіс у Кіеве — каб мець пастаянныя камунікацыі з урадам, структурамі, журналістамі, экспэртамі, іншымі прадстаўнікамі Ўкраіны. І, безумоўна, каб падтрымліваць беларускую дыяспару, у жыцьці якой зьявілася шмат праблемаў пасьля пачатку вайны», — заявіў кіраўнік кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі.
У Кіеў каманда Ціханоўскай у аўтамабілях узяла таксама гуманітарны груз для беларускіх добраахвотнікаў, якія абараняюць Украіну.
Больш за 1,5 тысячы чалавек у Беларусі падпалі пад рэпрэсіі і гвалт у сувязі з пратэстам супраць вайны ва Ўкраіне. Беларускія «рэйкавыя партызаны» ўчынілі дзясяткі дывэрсій на чыгунцы, а кібэрпартызаны на два тыдні парушылі працу абсталяваньня, якое забясьпечвае аўтаматычную працу беларускай чыгункі, каб не дапусьціць перасоўваньня расейскай вайсковай тэхнікі. І гэта ва ўмовах дзяржаўнага тэрору супраць любога іншадумства.