Ціханоўская: Дыктатура хоча, каб мы ненавідзелі, і мы павінныя любіць і клапаціцца адзін пра аднаго яшчэ мацней

Сьвятлана Ціханоўская

Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да беларусаў з нагоды Вялікадня

Пра гэта паведамляе BPN.

Паводле Ціханоўскай, сэнс гэтага хрысьціянскага сьвята палягае ў «перамозе дабра над злом». «Як казаць пра гэтую перамогу, калі тваю радзіму разбурае дыктатура і прапаганда? — задалася пытаньнем палітык. — Бо зараз часта нават самыя родныя людзі губляюць кантакт і не могуць разам сесьці за велікодны стол, толькі таму, што чытаюць і глядзяць навіны з розных крыніцаў. І ўсё ж я веру ў лепшае, у сілу даверу паміж блізкімі людзьмі. Я ўпэўненая, што беларусы больш давяраюць сваім сем’ям, а не людзям з тэлевізара, які выпраменьвае сьмяротныя дозы хлусьні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Просяць не маліцца за зьняволеных». Архіяпіскап Арцемій раскрыў, чаму стаў непажаданым для РПЦ

«Дыктатура хоча, каб мы ненавідзелі — і мы павінныя любіць і клапаціцца адзін пра аднаго яшчэ мацней, чым калі-небудзь раней. Падзеі апошняга часу далі нам шмат прыкладаў людзей, якія не пабаяліся назваць дабро дабром, зло — злом. Такую сьмеласьць праявіў праваслаўны архіяпіскап Гродзенскі Арцемій, пазьней пазбаўлены пасады. Заўтра яму спаўняецца 70 гадоў», — зазначыла яна.

Ціханоўская асабліва прыгадала «вязьняў сумленьня і іх семʼі» і выказала ўпэўненасьць у тым, што «нашыя любімыя выйдуць на волю». «Гэта адбудзецца тады, калі наша здольнасьць адрозьніваць дабро ад зла стане імпульсам да нацыянальнага руху — руху вяртаньня ў Беларусь бясьпекі, незалежнасьці і свабоды. Каб сьвята Вялікадня мы зноў сустракалі разам у коле ўсёй сваёй сямʼі», — дадала дэмакратычная лідэрка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сустрэчы Ціханоўскай у Нідэрляндах: Абмяркоўвалі гарантыі бясьпекі для Беларусі, падтрымку беларускіх добраахвотнікаў і мэдыкаў ва Ўкраіне