Пра рэфэрэндумы аб стварэньні «народных рэспублік» на акупаваных тэрыторыях
Адказваючы на пытаньне аб тым, як Украіна адрэагуе на магчымае правядзеньне рэфэрэндумаў аб стварэньні «народных рэспублік» на акупаваных Расеяй тэрыторыях Хэрсонскай і Запароскай абласьцей, Зяленскі сказаў: «Калі будуць зьнішчаныя нашы людзі ў Марыюпалі, калі будуць абвешчаныя псэвдарэферендумы ў новых псэўдарэспубліках, Украіна выйдзе з усіх перамоўных працэсаў». Паводле слоў прэзыдэнта Ўкраіны, нягледзячы на напад Расеі на Ўкраіну і забойствы мірных жыхароў, ён па-ранейшаму выступае за перамовы і гатовы сустрэцца з Уладзімірам Пуціным.
Зяленскі таксама заявіў, што Ўкраіна верне пад свой кантроль тэрыторыі, якія падчас вайны былі занятыя расейскім войскам. «Як толькі ў нас будзе больш зброі, мы будзем ісьці наперад вяртаць нашы тэрыторыі. І гэта будзе не праз дзясяткі гадоў» — сказаў прэзыдэнт Украіны, падзякаваўшы краінам Захаду за пастаўкі зброі.
Пра візыт урадоўцаў ЗША
Па словах Зяленскага, у нядзелю ў Кіеў прыедуць міністар абароны і дзяржсакратар ЗША. Зь імі будуць абмяркоўвацца пытаньні далейшай пастаўкі ўзбраеньняў.
Пра меркаваньне Расеі
Прэзыдэнт Украіны заявіў, што Ўкраіну «катэгарычна не цікавіць меркаваньне Расеі» аб пастаўках зброі. Пра гэта ён сказаў, адказваючы на пытаньні аб заявах Масквы аб ваеннай дапамозе Захаду, якая, на думку Расеі, перашкаджае мірным перамовам.
«Наконт паставак зброі ва Ўкраіну. Нас дакладна не цікавіць меркаваньне Расейскай Фэдэрацыі. Хаця ў пачатку вайны яны таксама пастаўлялі нам зброю. Вы памятаеце, як яны ўцяклі, пакінуўшы танкі. Мы ўдзячныя ім за такую пастаўку», — сказаў ён.
Пра ракетны абстрэл Адэсы
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ў выніку ракетнага абстрэлу расейскіх вайскоўцаў у Адэсе загінулі 8 чалавек.
«Вялікае сямейнае і чалавечае сьвята. Сёньня ў Адэсу прыляцелі 7 ракет. Мы зьбілі дзьве. Ракета трапіла ў шматпавярховік. На дадзены момант загінулі 8 чалавек. 18-20 параненых. 3-месячнае дзіця памерла», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выніку ракетнага ўдару па Адэсе загінулі 6 чалавек, 18 параненыя ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская выведка: расейцы пачалі «мабілізацыю» украінцаў на акупаваных тэрыторыях трох абласьцей