Генэральны сакратар ААН наведае Расею і Ўкраіну, каб сустрэцца з Пуціным і Зяленскім

Генсакратар ААН Антонію Гутэрыш

Генэральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Антонію Гутэрыш на наступным тыдні плянуе прыехаць ва Ўкраіну на сустрэчу з прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім.

Паводле прэс-службы ААН, сустрэча заплянаваная на 28 красавіка.

«Генэральны сакратар наведае Ўкраіну на наступным тыдні. Ён будзе прыняты прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім 28 красавіка», — гаворыцца ў заяве.

Таксама Гутэрыш сустрэнецца зь міністрам замежных спраў Дзьмітром Кулебам і супрацоўнікамі агенцтваў ААН для абмеркаваньня пашырэньня гуманітарнай дапамогі Ўкраіне.

Раней стала вядома, што генэральны сакратар ААН наведае Маскву 26 красавіка, каб сустрэцца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея не пагадзілася на прапанову ААН увесьці ва Ўкраіне «велікодную гуманітарную паўзу» у баях

Днямі Антонію Гутэрыш заклікаў да 4-дзённай гуманітарнай паўзы, зь Вялікага чацьвярга да Велікоднай нядзелі, 24 красавіка, каб можна было адкрыць некалькі гуманітарных калідораў, і дадаў, што ААН у выпадку велікоднага замірэньня гатовая накіраваць гуманітарныя канвоі ў Марыюпаль, Херсон, Данецк і Луганск.

МЗС Украіны падтрымала ініцыятыву чатырохдзённай «гуманітарнай паўзы» на Вялікдзень, але ў Расеі прапанову адхілілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія войскі аднавілі авіяўдары па «Азоўсталі», абстралялі Адэсу і Чарнігаўскую вобласьць. 59-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны