На фоне вайны ва Ўкраіне Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) яшчэ больш дыстанцыяваўся ад Расеі і яе саюзьніцы Беларусі.
Упершыню з пачатку расейскага збройнага ўварваньня ва Ўкраіну амаль два месяцы таму МАК у пятніцу, 22 красавіка, абвясьціў Расею і Беларусь агрэсарамі ў канфлікце.
Пра гэта паведамляе DW.
У паведамленьні наконт сумеснага візыту прэзыдэнта МАК Томаса Баха, міністра спорту Ўкраіны Вадзіма Гутцайта і ўкраінскага чальца МАК Сяргея Бубкі да ўкраінскіх спартоўцаў, якія трэніруюцца ў Швайцарыі, Камітэт назваў ваенныя дзеяньні вынікам «уварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну пры падтрымцы Беларусі».
Санкцыі супраць расейскіх чальцоў МАК
Цяпер ідзе шмат спрэчак наконт пашырэньня санкцыяў супраць расейскіх чальцоў МАК — былой скакухі з шастом Алены Ісінбаевай і прэзыдэнта Фэдэрацыі тэнісу РФ Шаміля Тарпішчава. У сувязі з гэтым Томас Бах заявіў, што «МАК падтрымлівае меры супраць любога чальца алімпійскай супольнасьці, які ўхваляе вайну».
Міжнародны алімпійскі камітэт ужо на працягу многіх дзён знаходзіцца пад агнём крытыкі празь бязьдзейнасьць у адносінах да Ісінбаевай і Тарпішчава. Бах і кіраўніцтва МАК абвінавачваюць у падвойных стандартах за тое, што яны заклікалі да адхіленьня расейскіх і беларускіх спартоўцаў ад усіх міжнародных спаборніцтваў ужо неўзабаве пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, але нічога ня робяць супраць расейскіх чальцоў Камітэту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Швайцарыя запатрабавала зьняць прадстаўнікоў Расеі і Беларусі з вышэйшых пасад у міжнародных спартовых фэдэрацыяхСпробы МАК апраўдацца, спасылаючыся на Алімпійскую хартыю, ня выклікалі разуменьня. Многія крытыкі скептычна паставілася да пазыцыі МАК, паводле якой яго чальцы выступаюць не як прадстаўнікі сваіх дзяржаваў, а як амбасадары, дэлегаваныя МАК у краіны свайго паходжаньня.