Такое абвінавачаньне прадугледжвае ад 2 да 5 гадоў абмежаваньня волі або да 4 гадоў пазбаўленьня волі.
Як паведамляе «Новы Час», таксама стала вядома, што Аксану Колб з ізалятара часовага ўтрыманьня пераводзяць у сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага ў Менску.
20 красавіка ў кватэру да журналісткі прыйшлі сілавікі са шчытамі і кувалдамі. Яны павезьлі яе на допыт у Сьледчы камітэт. Пазьней Аксана Колб патэлефанавала блізкім і паведаміла, што яе зьмяшчаюць у ІЧУ да 10 сутак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 22 красавіка: адбыліся затрыманьні ў Менску і Баранавічах, Вярхоўны Суд пакінуў выракі анарха-партызанам бязь зьменаўГазэта «Новы Час» са жніўня 2021 году не выходзіць у папяровым фармаце, сайт novychas.by быў заблякаваны ўладамі ў кастрычніку 2021 году.
Раней Аксану Колб неаднаразова затрымлівалі, праводзілі ў яе ператрусы і канфіскоўвалі тэхніку.
Агульнаэўрапейскае онлайн-выданьне Vox Europe у артыкуле, прысьвечаным Аксане Колб, адзначае, што яе арышт сьведчыць: нягледзячы на спробы ўладаў зьнішчыць незалежныя мэдыя ў Беларусі, іх уплыў застаецца моцным. Нягледзячы на рызыку, рэдактарка адмаўлялася пакінуць краіну, абраўшы застацца бліжэй да сваіх чытачоў, піша Vox Europe.
«Ня дзіўна, што рэжымы ў Беларусі і Расеі разглядаюць іх як пагрозу. Беларускія журналісты працягваюць эфэктыўна працаваць і забясьпечваць грамадзян незалежнай і непрадузятай інфармацыяй, нягледзячы на экстрэмальныя ўмовы ўнутры краіны і па-за яе межамі, — піша Vox Europe. — Але беларускім дэмакратычным сілам, у тым ліку незалежным СМІ, трэба больш міжнароднай падтрымкі і салідарнасьці, якая можа дапамагчы вызваліць Аксану і больш як 1100 палітычных вязьняў у краіне».