Як Польшча вымушае ўкраінак нараджаць ад акупантаў

Пратэст супраць забароны абортаў у Польшчы, архіўнае фота

Ад пачатку вайны ва Ўкраіне найбольш уцякачак і ўцекачоў выяжджалі ў Польшчу. Цяпер, магчыма, дынаміка зьмянілася праз прымусовы вываз людзей з акупаваных тэрыторый у Расею, але Польшча ў кожным разе застаецца адной з самых актыўных краін што да прыёму людзей з Украіны. Аднак ёсьць у польскай гасьціннасьці адзін нюанс – вельмі жорсткае ў дачыненьні да жанчын антыабортнае заканадаўства. І цяпер яго ахвярамі робяцца ўкраінкі, згвалтаваныя расейскімі акупантамі.

Кіраўніца Фэдэрацыі жанчын і плянаваньня сям’і Польшчы Крыстына Кацпура кажа, што за дзень яе арганізацыя атрымлівае да 10 званкоў ад жанчын, якія перажылі гвалт і зацяжаралі. У выніку прынамсі некаторым з іх дапамагаюць арганізацыі з Нідэрляндаў, якія бясплатна шлюць мэдыкамэнты для перапыненьня цяжарнасьці на раньнім тэрміне. Тым часам на польскай мяжы актывісты, паводле Кацпуры, распаўсюджваюць улёткі, у якіх заклікаюць украінак перастаць забіваць дзяцей, і кажуць, што аборты забіваюць больш людзей, чым вайна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі абвясьцілі мэту другога этапу вайны ва Ўкраіне — выхад у Крым і Прыднястроўе: 58-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Я добра памятаю, як мне даводзілі ў дыскусіях, што жорсткае абмежаваньне права на аборт у Польшчы – гэта ня так і страшна. Што ўсе, хто захоча, зьезьдзяць ў суседнюю краіну, і ўвогуле галавой думаць трэба, перш чым сэксам займацца. А згвалтаваныя жанчыны, казалі мне, лёгка перарвуць цяжарнасьць – для іх жа ў законе ёсьць выключэньне. І ніякія контраргумэнты і рэальныя гісторыі, у якіх дактары проста адмаўлялі жанчынам у дапамозе ці як маглі адцягвалі перарываньне цяжарнасьці, ня дзейнічалі.

У мяне было адчуваньне, што я размаўляю ці то са сьцяной, ці то з зомбі, якія гатовы верыць чыноўнікам і адмаўляюцца слухаць думкі жанчын, чые жыцьці гэтае антыабортнае заканадаўства наўпрост закранае.

І вось ружовыя акуляры разьбіліся, вітаю ў жорсткай рэальнасьці. А выглядае рэальнасьць так: падлеткі і дарослыя жанчыны, якія зацяжаралі ў выніку гвалту расейскіх акупантаў, ня могуць зрабіць у Польшчы аборт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбудсмэн Украіны: Сярод згвалтаваных расейскімі салдатамі ўкраінак 9 цяжарных

Гэтыя жанчыны прайшлі праз вайну, большасьць зь іх жыла ў нейкі час у акупацыі, дзе іх гвалтавалі – часта па некалькі мужчын, часта ў працэсе білі і дадаткова калечылі. Але гэтыя жанчыны выжылі і нават здолелі зьбегчы з краіны. А цяпер краіна, якая дала ім сховішча, кажа, што эмбрыён, будучае дзіця акупанта і гвалтаўніка, важнейшы за саміх гэтых жанчын. Ім кажуць, што так проста яны ня вырвуцца і ня змогуць так проста жыць далей – ім давядзецца вынасіць, нарадзіць і гадаваць дзіця, якое стала наступствам не каханьня і нават ня жарсьці, а жорсткасьці і садызму.

Дзяржава кажа: «Ну, у цябе ж няма адпаведных дакумэнтаў, што цябе згвалцілі. Няма заведзенай справы, няма сабраных доказаў. Разрывы тканак, сінякі і тым больш твае словы – гэта не аргумэнт. І дзіця ж ні ў чым не вінаватае».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гвалтуй украінскіх баб, толькі мне не кажы». СБУ апублікавала новыя перахопы размоў расейскіх салдат са сваякамі

Разумееце, гэтая жаночая катастрофа адбывалася ў Польшчы ўсе гэтыя гады, проста яна не была такой маштабнай. Жанчыны вымушаны былі нараджаць нежаданых дзяцей ад гвалтаўнікоў, бо нясвоечасова падалі заяву ў паліцыю, альбо паліцыя не палічыла гэта згвалтаваньнем, альбо яшчэ халера ведае зь якой нагоды. Але гэта не прыцягвала столькі ўвагі, бо было не такой масавай зьявай і быццам бы ўнутранай справай краіны. А цяпер атрымалася, што ўкраінскія жанчыны, якія ўцяклі ад вайны, апынуліся адначасова ў польскім сховішчы і польскім палоне.

Можа, гэта і ёсьць шанец польскіх жанчын на зьмены?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.