Ватыкан праз вайну скасаваў сустрэчу папы Рымскага Францішка з патрыярхам Кірылам

Папа Францішак

Пра гэта папа Францішак паведаміў у інтэрвію аргентынскаму выданьню La Nacion.

Пантыфік адзначыў, што шкадуе аб тым, што сустрэчу, прызначаную на чэрвень у Ерусаліме, давялося скасаваць. Ён дадаў, што заўсёды выступаў за міжрэлігійны дыялёг, але ватыканскія дыпляматы далі зразумець, што падобная сустрэча ў цяперашняй сытуацыі была б занадта супярэчлівай.

Адказваючы на пытаньне аб імавернасьці візыту ў Кіеў, папа Францішак адзначыў: «Якая карысьць папу Рымскаму ад паездкі ў Кіеў, калі на наступны дзень вайна працягнецца?», але дадаў, што «гатовы зрабіць усё» для спыненьня вайны ва Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Францішак: «Няхай мір настане для пакутлівай Украіны, якая так моцна пацярпела ад гвалту і спусташэньня»

Меркавалася, што папа Францішак і патрыярх Кірыл маглі сустрэцца 14 чэрвеня ў Ерусаліме.

Папа Рымскі Францішак ня раз выказваўся супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну і заклікаў «спыніць гэтае вар’яцтва».

Патрыярх Кірыл зьвяртаўся да расейскіх вайскоўцаў з заклікам выконваць прысягу, а да вернікаў — маліцца, «памнажаючы моц нашых Узброеных сілаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы молімся і за Пуціна, і за Шайгу, і за Лаўрова». Што беларускія праваслаўныя герархі думаюць пра вайну ва Ўкраіне