Яны ня вераць абяцаньням Пуціна і іншых расейскіх палітыкаў, што тым, хто здаўся, нібыта захаваюць жыцьцё, і абвінавачваюць расейскія ўлады ў хлусьні. Жанчыны таксама лічаць, што Кіеў кінуў іх мужоў: «Яны туды ішлі не для таго, каб іх там кінулі!» — падкрэсьліваюць яны ў інтэрвію «Настоящему времени».
Пуцін 21 красавіка на сустрэчы зь міністрам абароны Сяргеем Шайгу назваў «немэтазгодным» штурм «Азоўсталі» ў Марыюпалі і загадаў скасаваць яго. Пры гэтым расейскія дзяржаўныя мэдыя заявілі, што Марыюпаль ужо нібыта ўвесь знаходзіцца пад кантролем расейскіх войскаў — акрамя «Азоўсталі». «Ня трэба лезьці ў гэтыя катакомбы і поўзаць там пад зямлёй па гэтых прамысловых аб’ектах. Заблякуйце гэтую прамысловую зону так, каб муха не праляцела. Мы заўсёды павінны думаць аб захаваньні жыцьця і здароўя нашых салдатаў і афіцэраў», — заявіў Пуцін. Ён яшчэ раз падкрэсьліў, што тым, хто здасца, захаваюць жыцьцё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра камбінат «Азоўсталь» і чаму Пуцін вырашыў яго не штурмаваць«Гэта выключана. Яны не здадуцца. Вы разумееце, што калі яны здадуцца, у парадку трызьненьня, калі нават яны надумаюць здацца, то ніхто зь іх проста ня выжыве, — ня верыць словам Пуціна жонка вайскоўца з „Азову“ Аліна Несьцярэнка. — Пуцін дае гарантыі, што яны ўсё застануцца жывыя, але гэта ня так!»
«Я ня веру ні ў які „зялёны калідор“. Мне літаральна некалькі хвілін таму стала вядома, што былі перахопленыя размовы аб тым, каб тых палонных, якіх бралі ў іншых гарадах, расстрэльвалі, і іх ужо расстралялі, — падкрэсьлівае Яраслава Іванцова, жонка яшчэ аднаго вайскоўца з «Азову». — Нашы хлопцы, па-першае, у палон не здадуцца, а па-другое, „зялёным калідорам“ яны ня пройдуць. Адзіны варыянт, які яшчэ можна было б выкарыстаць, — гэта той, аб якім заяўляў учора намесьнік камандзіра палку Каліна, — з удзелам трэцяга боку».
«Але я ведаю, што ён у мяне вельмі моцны, — кажа Іванцова пра свайго мужа. — І ведаю, што дзеля сваёй Украіны яны не здадуцца ў палон».
«„Зялёныя калідоры“ — гэта таксама сьмерць. Я бачу выхад толькі ў тым, што або каб дэблякавалі горад, або каб вывелі адтуль хлопцаў і цывільных з умяшаньнем трэцяга боку. Здавацца яны дакладна ня будуць, — упэўнена Вольга Шуць, жонка яшчэ аднаго „азоўца“. — Цяпер усё падаецца так, быццам жыцьці тых хлопцаў, якія ў гэты момант абараняюць усю краіну, ім ня важныя. Значыць, яны павінны там легчы сваімі косткамі, пакінуць там свае жыцьці для таго, каб выратаваць усю краіну? Яны туды ішлі не для таго, каб іх там кінулі!»
Жонкі таксама кажуць, што многія іх блізкія вайскоўцы параненыя і дапамогу ім аказаць няма чым і няма каму: «раны перамотваюць скотчам». Жанчыны таксама ўспамінаюць, як у 2014-м Украіна здала горад Дэбальцава, дзе ўкраінскія сілы трапілі ў „кацёл“, і вайскоўцаў, якія сыходзілі па калідоры, проста расстрэльвалі. Яны заклікаюць Зяленскага не паводзіць сябе так, як папярэдні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка восем гадоў таму:
«У апошні раз муж мне напісаў чатыры дні таму, паведаміў, што ён дабраўся да сваіх, што паранены ў чатырох месцах. Пасьля гэтага сувязі зь ім зноў няма», — апавядае Вікторыя Ляшук.
«Учора мне ад мужа прыйшло паведамленьне: „Усё нармальна, мы трымаемся“, — кажа Яраслава Іванцова. — Але я ведаю, што яны таксама чакаюць дапамогі ад нашага ўраду. Мы верым у нашага прэзыдэнта, які ўвесь час кажа: „Мы не пакінем“, — і гэтак далей і да таго падобнае. І мы верым, што ён не пакіне горад Марыюпаль, што ён дапаможа нашым хлопцам, якія столькі часу ўжо абараняюць горад. І мы ня хочам, каб наш прэзыдэнт здаў Марыюпаль, як калісьці Парашэнка здаў Дэбальцава».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакуль мы тут, Марыюпаль — гэта Ўкраіна». Адзін з камандзіраў «Азову» расказаў пра абарону «Азоўсталі»«Я ведаю, што бомба ўпала там, дзе былі нашы параненыя салдаты. І больш нічога ня ведаю. Мой муж паранены, і я ня ведаю абсалютна нічога, у апошні раз ён мне напісаў чатыры дні таму, — кажа Аліна Несьцярэнка. — Ён мне расказваў, што сытуацыя вельмі складаная, што сытуацыя крытычная, што ім вельмі моцна патрэбная дапамога, яны чакаюць. Яны ня падаюць духам і вельмі моцна вераць, што ўсё ж ім неяк дапамогуць. Проста хаця б калідор для іх зрабіць бясьпечны, а ня так, як было ў 2014 годзе».
«Яны ўсе хочуць вельмі моцна жыць. Сілы ўжо канчаюцца, яны стомленыя, яны галодныя. У мяне ёсьць кадры літаральна сёньняшняга відэа ад хлопцаў, якія там, як ім аказваюць дапамогу — ім раны проста перамотваюць скотчам!» — падкрэсьлівае Несьцярэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшаў фільм пра акупацыю Дэбальцава пасьля Менскіх пагадненьняў«Ведаю, што там вельмі шмат параненых хлопцаў, якім дапамога ніяк не аказваецца, што ў іх няма лекаў, — кажа Вольга Шуць. — Яны галодныя, там шмат цывільных людзей, шмат дзяцей, якія таксама хочуць выбрацца і жыць. Усе хлопцы хочуць выбрацца і жыць».
- Полк «Азоў» — добраахвотніцкая група, якая ўваходзіць у склад Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны. «Азоў» узьнік у 2014-м, калі Расея пачала агрэсію на Данбас.