Апошняй кропляй для рашэньня пакінуць Беларусь стала позва ў суд. Вадзіма Сіманава абвінавачваюць паводле артыкула 19.11 — «распаўсюд, выраб, захоўваньне інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці альбо прапагандуе такую дзейнасьць».
Яшчэ ў канцы лютага ў кватэры, дзе Вадзім прапісаны, але даўно не жыве, яго шукалі сілавікі.
«На кватэру маёй былой жонкі, дзе я даўно не жыву, прыйшоў цэлы натоўп „касманаўтаў“ мяне затрымліваць. 25 лютага патэлефанаваў участковы і сказаў, што на мяне складзены пратакол за леташняе інтэрв’ю Радыё Свабода і рэпосты — а я шмат чаго рэпосьціў. Прычым матэрыялы Радыё Свабода я перапошчваў, калі яно не было яшчэ прызнанае „экстрэмісцкім“.
Участковы запытваў, якія я рысую маршруты, калі бегаю, ці ведаю, што да мяне прыходзілі. І параіў лепш прыйсьці самому. Я тады не пайшоў», — апавядае Вадзім.
На мінулым тыдні Сіманаву ў вайбэр зь незнаёмага нумару прыслалі паведамленьне, што запрашаюць у суд 19 красавіка, у паштовай скрыні таксама была позва.
«Сядзець я не хацеў. Усе тэрміновыя пытаньні вырашыў. І ў панядзелак увечары а 20-й выйшаў з працы і а палове на дзясятую зьехаў. На зборы было 10 хвілін».
«Бегаць у Тбілісі пасьля Менску — гэта экстрым»
Ужо ў сераду Вадзім Сіманаў прабег 15 кілямэтраў у Тбілісі — нарысаваў слова «Жыве!».
«Каля 11 кілямэтраў быў трэк, і яшчэ 4 км прабег, калі дадому вяртаўся. Аднак бегаць у Тбілісі пасьля Менску — гэта экстрым. Тбілісі — кашмар для бегуна. Зь іх нерэгуляваным рухам, калі ніхто не зважае на правілы дарожнага руху, на сьвятлафоры», — падзяліўся першымі ўражаньнямі Вадзім.
На пытаньне, наколькі Менск камфортны для бегу, адказаў так:
«Я непераборлівы, бегаю дзе заўгодна. Зімой у Менску бывае дрэнна бегаць, ня вельмі камфортна, сьлізка. А летам добра. Калі хочаш бегаць — ніякія асаблівыя ўмовы не патрэбныя, адмысловыя бегавыя дарожкі будаваць ня трэба».
«Для Фэдэрацыі лёгкай атлетыкі забегі праводзіць было можна, а для нас — пастаянны ковід»
Вадзім Сіманаў захапіўся бегам 6 гадоў таму. Спачатку паўдзельнічаў у дабрачыннай бегавой акцыі, дзе зьбіралі грошы ў дапамогу дзецям. Спадабалася, вырашыў сур’ёзна заняцца бегам.
«Трэба было напісаць матывацыйны ліст, чаму хачу займацца бегам. Можна было бясплатна прайсьці двухмесячную падрыхтоўку да паўмаратону. Набралі групу, мы рыхтаваліся да паўмаратону, прысьвечанаму Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра. Правялі яго.
Некалькі разоў у год ладзілі тэматычныя забегі. Да дня сьвятога Валянціна — „За каханьне“ ў парку Чалюскінцаў і на Цнянцы. У красавіку забег „Я абяцаю“ — вызначаеш сабе абяцаньне на год. У кастрычніку самы масавы забег „Бягу за маму“, які зьбірае больш за тысячу чалавек — нават больш за забег Санта-Клаўсаў», — узгадвае Вадзім.
Аднак пачынаючы з 2020 году ўлады перасталі даваць энтузіястам дазвол на забегі, са шкадаваньнем кажа Вадзім.
«Для Фэдэрацыі лёгкай атлетыкі забегі было праводзіць можна, а для нас — пастаянны ковід. Нават калі давалі дазвол, у апошнюю хвіліну забіралі. Пакуль сытуацыя ў краіне не памяняецца, вырашылі спыніць забегі».
З 2017 года Вадзім пачаў распрацоўваць розныя маршруты. Прызнаецца, што ня любіць аднастайнасьць. Спачатку рысункі былі, як ён сам іх называе, «ні пра што». А з 2020 году пачаў прыдумляць ўсялякія нацыянальныя рэчы: «Пагоню», «Жыве!», герб Украіны, лягатып Радыё Свабода, «русский военный корабль» ды іншыя.
«Калі мне карцінка не падабаецца, я па ёй не пабягу. Проста так, без рысунку, без ідэі я ня бегаю цяпер. Я буду проста бегчы — у мяне пытаньне: а нафіга? А калі зрабіў трэк, мне ён падаўся дасьціпным, сябры ўхвалілі — кажуць, што гэта будзе топам — бяжыш больш бадзёра, з прыўзьнятым настроем», — апавядае Вадзім.
«Трэба мець хаця б мінімальныя здольнасьці да рысаваньня»
Тэхнічна маршрут з дапамогай GPS-трэкеру малюецца загадзя. Самы просты варыянт — можна наагул пракладаць маршрут па дарожках, ходніках. Але так Вадзіму не цікава.
«Я па дарожках ніколі не рысую, хачу, каб беглася прыгажэй, а не зручней. У Менску я і цераз плот пералажу, і праз тэрыторыю школ, дзіцячых садкоў бегаю. Калі ёсьць магчымасьць аббегчы, не псуючы трэку, то аббягаю. Калі няма — бягу напрасткі.
У мяне шмат людзей запытваюцца, я нават відэа запісваў — як я рысую, як пункты расстаўляю? Трэк спачатку складана нанесьці. Трэба мець хаця б мінімальныя здольнасьці да рысаваньня. Я маляваньнем сур’ёзна не займаўся, але „змалёўваць“ у дзяцінстве любіў. Вось калі „ўсплыла“ тэма „русского военного корабля“, я „пагугліў“, як ён выглядае на выявах, і фактычна зрысаваў яго. Ведаў, што гэта будзе дасьціпна. А вось якая будзе рэакцыя на радок песьні „Ой, у лузі червона калина“ — складана прадбачыць», — разважае Вадзім.
Вадзім кажа, што для яго бег — спосаб пераключыцца ад праблемаў, час пабыць сам-насам з сабою, падумаць. Плюс добрая фізычная форма. За тыдзень ён набягае ад 50 да 70 кілямэтраў.