Улады Кіргізстану забаранілі выкарыстаньне Z-сымболікі 9 траўня

Ілюстрацыйнае фота. Сымбаль Z і расейскі сьцяг на аўтамабілі

Дзяржаўны камітэт нацыянальнай бясьпекі Кіргізстану заклікаў жыхароў адмовіцца ад выкарыстаньня сымбалю Z на сьвяткаваньні 9 траўня.

Улады папрасілі не надзяваць гімнасьцёркі з гэтай сымболікай на шэсьці «Несьмяротны полк». Ведамства папярэдзіла аб адказнасьці «за дзеяньні, накіраваныя на распальваньне міжнацыянальнай варожасьці». Камітэт выпусьціў заяву ў адказ на аб’явы ад фірмаў — пазычальняў карнавальных строяў і вайсковай формы.

Параду на 9 траўня сёлета ў Кіргізстане не будзе. У Міністэрстве абароны краіны паведамілі, што замест гэтага будзе ўрачысты марш асабовага складу Бішкецкага гарнізону і некалькі іншых вайскова-патрыятычных захадаў.

Раней у Эстоніі забаранілі праводзіць 9 траўня публічныя сходы з выкарыстаньнем вайсковай сымболікі Расіі, сьцягоў СССР, савецкай вайсковай формы і «георгіеўскіх» стужак, «каб унікнуць правакацыяў». Парлямэнт Малдовы ўхваліў праект закону, які забараняе «георгіеўскую» стужку, а таксама сымбалі Z і V.

Літары Z і V наносяць на расейскую тэхніку, якая ўдзельнічае ва ўварваньні ва Ўкраіну. Расейскія пракрамлёўскія СМІ, а нярэдка і ўлады розных узроўняў прапагандуюць іх як сымбалі так званай «спэцапэрацыі», г. зн. вайны супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі Прымакоў паспрачаўся з былой пракуроркай Паклонскай пра значэньне літары Z
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва заканадаўча забараніла дэманстрацыю сымбаляў «Z» і «V», а таксама аранжава-чорную стужку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Малдова забараніла «георгіеўскую стужку» і сымболіку зь літарамі Z і V