«Яму расейскі БМП пераехаў галаву». У Барадзянцы на Кіеўшчыне ўскрываюць пахаваньні забітых падчас акупацыі

Барадзянка, 3 сакавіка 2022

У горадзе Барадзянка ў Кіеўскай вобласьці, які доўгі час быў пад расейскай акупацыяй, паліцыя пачала ўскрываць першыя брацкія магілы тых, хто быў забіты за час вайны.

Раней гэтую працэдуру ўжо прайшлі Буча і Ірпень, а зараз чарга даходзіць да гарадоў і пасёлкаў, якія знаходзяцца крыху далей ад сталіцы Ўкраіны.

Як піша ў рэпартажы карэспандэнт «Настоящего времени» Барыс Сачалка, па стане на 21 красавіка на тэрыторыі Кіеўскай вобласьці былі знойдзеныя целы 1045 цывільных асобаў, забітых расейскімі вайскоўцамі, паведаміў у сераду начальнік ГУ Нацыянальнай паліцыі ў Кіеўскай вобласьці Андрэй Небытаў. Аднак, паводле яго слоў, канчатковая колькасьць загінулых можа быць большая: целы працягваюць знаходзіць ня толькі ў брацкіх магілах, але і па падвалах, калодзежах. Многія людзі, якія вяртаюцца ў свае дамы, кажуць, што знаходзяць сьвежыя пахаваньні ў гародах ці проста каля дарог.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Барадзянцы пад Кіевам працягваюць разьбіраць завалы і даставаць целы. ФОТА


Сын Надзеі Канстанцін быў адным зь першых, каго расейскія вайскоўцы забілі ў Барадзянцы. У яго тры кулі ў баку. Мясцовыя жыхары кажуць, што Канстанціна забілі ў канцы лютага, калі калёна расейскіх войскаў заходзіла ў Барадзянку.

«Ён пераходзіў праз дарогу, калі ўвайшлі ў Барадзянку бэтээры, і яго расстралялі, — расказваюць яны. — Ён быў бяз зброі, безь нічога, ён дадому ішоў. На працу не пускалі ў Кіеў, ён нікуды ня мог паехаць».

«Сыначка мой, даруй мне, родненькі, даруй, каток, — хрысьціць Надзея, плачучы, цела сына. — Маленькі мой сыночак, родненькі. Ты казаў: буду цябе ахоўваць і дапамагаць табе ва ўсім».

Побач з Канстанцінам ляжыць цела Каці Шышкінай: менавіта так падпісаны сьпехам зьбіты крыж, які паставілі на яе магілу. Каці было ўсяго 15 гадоў. Хавалі яе ў коўдры суседзі за сваім гародам — на могілкі ісьці было небясьпечна.

Суседзі расказваюць, што Каця разам з бацькамі спрабавала зьехаць на машыне з суседняй Бучы — там вайна пачалася на некалькі дзён раней. Але па машыне адкрылі агонь расейскія войскі.

«Бацька яе быў у руку паранены, і маці параненая таксама. А ёй трапіла ў лёгкія, — расказваюць яны. — Апэрацыю ёй рабіў наш хірург ваенны Лесагор і расказваў: «Я выратаваць ня змог яе. Такое раненьне, што несумяшчальнае з жыцьцём».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: у Барадзянцы яшчэ больш ахвяраў расейскіх акупантаў, чым у Бучы. ФОТА

У сераду толькі на адным невялікім участку ў Барадзянцы знайшлі і эксгумавалі 3 магілы. За 50 мэтраў ад іх — яшчэ траншэя, у ёй яшчэ 6 целаў. Сярод іх — бацька Аляксандра. Сын расказвае, што ягоны бацька, расейскамоўны, ішоў бяззбройным спыняць расейскую калёну і думаў, што агульная з акупантамі мова яму дапаможа.

«Я яму ў тэлефонным рэжыме сказаў: „Баць, ня трэба, не ідзі. Там страляюць“, — расказвае Аляксандар. — А ён кажа: „Яны мяне з****лі, колькі ўжо можна езьдзіць? Колькі можна людзей забіваць?“ Яго проста зьнеслі на БМП, яму расейскі БМП пераехаў галаву».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўная Рада Ўкраіны прызнала дзеяньні расейскіх войскаў на тэрыторыі краіны генацыдам украінскага народу

Аляксандар кажа, што ён і сам гэтак жа, як і ягоны бацька, мог ляжаць каля дарогі. Падчас акупацыі расейцы забралі ў яго тэлефон. Там у фэйсбуку было відэа, як украінскія войскі грамяць расейскую калёну. Ён расказвае, што калі расейскія вайскоўцы яго знайшлі, яму пагражалі забойствам:

«Самае цікавае, што ён ня ставіць аўтамат табе да ілба. А ставіць сюды, да вены, каб ты не адразу памёр, а памучыўся, сплыў крывёй, — расказвае ён. — А іх стаіць вось так чалавек 15–20 з аўтаматамі, глядзяць: расстраляе ён мяне ці не».

Дом Аляксандра быў спалены. Свой тэлефон у гародзе ён адкапаў толькі тыдзень таму — калі прыйшлі ўкраінскія войскі.

«Усё выдаліў, усё пазаціраў, а тэлефон закапаў! Сказаў, вось колькі будзе ў мяне тэлефон, ня будзе там ні інстаграму, ні фэйсбуку. Будзе просты кнопкавы тэлефон», — кажа ён.

Судмедэкспэрты, якія агледзелі ўжо больш за 6 сотняў целаў забітых цывільных у Кіеўскай вобласьці, кажуць, што больш як у паловы — кулявыя раненьні.

«Я думаю, можна і трэба гаварыць пра генацыд менавіта ўкраінскага народу, бо неабходнасьці забіваць такую колькасьць цывільнага насельніцтва ў арміі не было, — падкрэсьлівае Андрэй Небытаў, кіраўнік паліцыі Кіеўскай вобласьці. — Ніякай пагрозы гэтыя людзі для іх не ўяўлялі. Ніякага супраціву яны не аказвалі».

Генацыдам ужо назвалі забойствы мірных жыхароў у Кіеўскай вобласьці прэзыдэнт ЗША і некаторыя іншыя сусьветныя лідэры. Але вырашаць, ці быў гэта генацыд, будуць міжнародныя суды, прадстаўнікі якіх зараз вядуць расьсьледаваньне на тэрыторыі Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонія і Латвія аднымі зь першых у сьвеце прызналі ваенную агрэсію Расеі генацыдам украінскага народу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўнае ўпраўленьне выведкі Ўкраіны: кіраўніцтва Расеі загадала зьнішчыць любыя доказы злачынстваў сваёй арміі ва Ўкраіне