11 «рэйкавых партызан» прызнаныя палітвязьнямі

Чыгунка

Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітвязьнямі яшчэ 11 чалавек. Гэта так званыя рэйкавыя партызаны, якіх затрымалі ў сакавіку, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

У сьпіс палітвязьняў уключаныя Сяргей Глебка, Дзьмітры Равіч, Дзяніс Дзікун, Алег Малчанаў, Сяргей Канавалаў, Сяргей Пляшкун, Юры Сельвіч, Яўген Мінкевіч, Дзьмітры Клімаў, Уладзімер Аўрамцаў — усім ім інкрымінаваны артыкул 289 КК (акт тэрарызму).

Таксама палітычным зьняволеным прызнаны Аляксей Шышкавец, які праходзіць па крымінальнай справе паводле арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім).

Цяпер у краіне 1145 палітычных зьняволеных.

Рознага кшталту дывэрсіі на чыгунцы сталі формай пратэсту беларусаў супраць уварваньня арміі РФ на тэрыторыю Ўкраіны. Мэтай такога супраціву абвешчана замаруджваньне чыгуначных перавозак расейскай тэхнікі ў зону баявых дзеяньняў.

Сілавыя органы РБ ставяцца да «рэйкавых партызан» жорстка. Як паведамляла МУС, трое з новых беларускіх палітвязьняў — Мінкевіч, Клімаў і Аўрамцаў — пры затрыманьні 30 сакавіка атрымалі кулявыя раненьні. Паводле інфармацыі Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі, яны не аказвалі супраціву, але былі «мэтанакіравана расстраляныя ў каленныя суставы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мапа антываеннага супраціву ў Беларусі