Свабода даведалася пра лёс некаторых буратаў, якія ўзімку паехалі на «вучэньні» у Беларусь.
«Гераічна загінуў падчас спэцапэрацыі ва Ўкраіне»
У бурацкіх СМІ і суполках «Вконтакте» — шматлікія паведамленьні пра гібель землякоў ва Ўкраіне. Свабода налічыла каля сотні буратаў, якія там загінулі.
Паведамленьні пра гібель вайскоўцаў з Буратыі, па назіраньнях Свабоды, сталі зьяўляцца ў суполках «Вконтакте» ад сярэдзіны сакавіка.
Паведамленьні былі цьмяныя: напрыклад, здымак вайскоўца і подпіс: «Загінуў. Вінаваты ў сьмерці адкажа перад судом».
Пазьней паведамленьні пра гібель буратаў сталі насычаць падрабязнасьцямі.
З адкрытых крыніц вядома пра гібель жыхара Буратыі Максіма Канцова. Ён атрымаў званьне Героя Расеі пасьмяротна. Служыў у Расгвардыі, загінуў 24 сакавіка ва Ўкраіне.
Цяпер бураты дабіваюцца, каб званьне Героя Расеі атрымаў іх зямляк Балдан Цыдыпаў. У бурацкіх суполках «Вконтакте» пішуць, што Балдан Цыдыпаў удзельнічаў у вучэньнях у Беларусі. Потым — у «спэцапэрацыі» ва Ўкраіне.
«У канцы сакавіка лейтэнант у складзе мотастралковага батальёну трапіў у засаду. Ён здолеў разгарнуць сваю падбітую баявую машыну ўздоўж дарогі і сустрэчным агнём вывесьці з бою бранятэхніку праціўніка. Ён аддаў загад маладым салдатам зь іншых узводаў хутчэй пакінуць поле бою. Сам застаўся прыкрываць агнём адыход сваіх таварышаў па службе», — апісваюць СМІ і суполкі дзеяньні бурата.
Пасьля шматлікіх раненьняў Цыдыпаў трапіў на лячэньне ў шпіталь у Гомлі. Адтуль яго перавезьлі ў Санкт-Пецярбург. Ён прайшоў ужо сем апэрацыяў, страціў ступак.
Загінуў ва Ўкраіне і ўдзельнік расейска-беларускіх вучэньняў Давід Аруцюньян з Буратыі.
Гаворыцца, што ён быў дэсантнікам, служыў у 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі ў Пскове, удзельнічаў у вучэньнях «Саюзная рашучасьць» у Беларусі.
Усе паведамленьні пра гібель буратаў суправаджаюцца словамі «гераічна загінуў», «выконваючы воінскі доўг», «абараняючы нацыянальныя інтарэсы Расеі».
«Сьмелая дзяўчына езьдзіла да параненага брата ў Беларусь»
Свабода ня раз пісала, што ў шпіталях Гомля, Мазыра і Нароўлі лечацца параненыя расейскія вайскоўцы.
Суполка «Вконтакте» гораду Кяхта апісвае выпадак, як «сьмелая дзяўчына з вёскі Загустай Сэсэг Ракава паехала ў Беларусь да параненага брата». «Яна прывезла кучу мяса і пачаставала бузамі ўсю роту напавал! Хай ганарыцца Кіжынгінская даліна сваімі сынамі і дочкамі», — пішуць яе землякі.
Свабода спрабавала скантактавацца з Сэсэг, але яна не адказвае на паведамленьні, як і сваякі іншых забітых і параненых буратаў.
Некаторыя сваякі загінулых ва Ўкраіне буратаў скардзяцца, што пра іхных блізкіх ніхто ня піша.
«Ва Ўкраіне загінуў наш брат. Але ніхто пра гэта ня піша! Сказалі — вайсковая таямніца», — скардзіцца ў камэнтарах жыхарка бурацкай вёскі Орлік.
Яшчэ дзьве жыхаркі Буратыі таксама пішуць, што пра іхных родных афіцыйна не напісана, што яны загінулі ва Ўкраіне.
У суполцы «Вконтакце» таксама шукаюць цяжарную маладую жанчыну з Кяхты, хлопец якой прапаў бязь вестак ва Ўкраіне.
Як «мірнае насельніцтва» Буратыі адчувае на сабе вайну
У сталіцы Буратыі Ўлан-Удэ на гіганцкай галаве Леніна ўсталявалі расейскі сьцяг зь літарай Z. Гэты здымак абляцеў многія СМІ і сацыяльныя сеткі. Але ня ўсе бураты былі згодныя з такой інсталяцыяй.
«Жонкі вайскоўцаў прасілі прыбраць расейскі сьцяг з літарай Z у цэнтры Ўлан-Удэ», — пішуць мясцовыя СМІ. Яны хочуць, каб літару Z замянілі на V, «бо менавіта пад такім сымбалем працуюць нашы бурацкія вайскоўцы ва Ўкраіне».
У Буратыі таксама чакалі ўцекачоў з Украіны. Для іх падрыхтавалі 1400 месцаў у санаторыях. Але, скардзяцца мясцовыя СМІ, пакуль людзей прыехала мала. Дакладная лічба не называецца, толькі кажуць, што гэта людзі з Данбасу.
Таксама бураты зьбіраюць гуманітарную дапамогу для землякоў на вайне, адпраўляюць ім пасылкі.
Як паведамляюць мясцовыя СМІ, бурацкія артысты езьдзілі падымаць «баявы дух» землякоў ва Ўкраіну.
«Канцэрты прайшлі на 11 пляцоўках, у тым ліку ў Луганску і Данецку», — напісалі ў мясцовых выданьнях.
Буратыя — адзін з найбяднейшых рэгіёнаў Расеі. Мясцовыя ўлады прынялі рашэньне «на час прабачыць пазыкі» вайскоўцам, якія паехалі ва Ўкраіну.
«Выканаўчыя вядзеньні стасоўна вайскоўцаў падлягаюць прыпыненьню», — паведаміла прэсавая служба судовых выканаўцаў Буратыі. Такую норму прынялі, бо вайскоўцы, якія цяпер ва Ўкраіне, прызнаныя «вэтэранамі баявых дзеяньняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З кім ваюе Ўкраіна: расейскае войска ў асобах. РасьсьледаваньнеВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.