У чым тут пасыл? Мы застаемся вернымі сваёй колішняй вымушанай здрадзе? Хоць цяпер нішто нас да гэтага не змушае. Наадварот.
Але ж гісторыя, хай сабе малавядомая, нікуды не падзелася. Пачынаючы з падпісанай наркамам Галадзедам рэформы правапісу 1933 году (з мэтай спрашчэньня і набліжэньня беларускай мовы да расейскай), якая суправаджалася турмамі і расстрэламі беларускай мовазнаўчай эліты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як мы сталі «сильно похожи друг на друга». Адкрыты ліст да Барыса АкунінаЗ таго часу клясычным правапісам беларушчына выходзіла толькі па-за межамі БССР. У самой Беларусі інтэлігенцыя раз-пораз падавала голас за вяртаньне тарашкевіцы (Ян Скрыган, Фёдар Янкоўскі, Алесь Якімовіч...), прысьвячала ёй цэлыя паэмы (Сяржук Сокалаў-Воюш) або партызанскім шляхам набліжала гэтае вяртаньне. Як галоўны рэдактар Беларускай Энцыкляпэдыі Барыс Сачанка з калегамі, якія ў некаторых выданьнях мянялі апостраф на мяккі знак (у слове «зьява», напрыклад).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мяккі знак тарашкевіцы як сымбаль жорсткай трагедыі ТарашкевічаЗатое напрыканцы СССР са зьяўленьнем недзяржаўнае прэсы яна ўся адразу стала выходзіць тарашкевіцай. Гэта быў і маральны выбар, і вяртаньне гістарычнай справядлівасьці, а галоўнае — узмацненьне пазыцыяў самой мовы, вызваленай ад калецтва.
З прыходам першага прэзыдэнта пазыцыі мовы былі рэзка вернутыя на бээсэсэраўскія — да арнамэнтальнага ўзроўню. Але мова змагалася.
22 сьнежня 1998 году рэдакцыя газэты «Наша Ніва» ў Вышэйшым гаспадарчым судзе дамаглася адмены папярэджаньня Дзяржкамдруку за выкарыстаньне клясычнага правапісу.
Тады на баку газэты выступілі ўсе аўтарытэтныя экспэрты-мовазнаўцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замест беларушчыны — сьмерць і тэрор. Як нацыянальныя дзеячы паверылі бальшавікам і што з гэтага выйшлаЯшчэ празь дзесяць гадоў рэжым працягваў закручваць гайкі, і выкарыстаньне наркамаўкі можна было апраўдаць патрэбамі выжываньня недзяржаўных СМІ ў Беларусі, прыстасаваньнем да наяўных умоваў, тым, што здрада вымушаная, але бяскрыўдная. Гэта, вядома, была слабая пазыцыя, асабліва калі ўлічыць, што тагачасная «лібэралізацыя» і «мяккая беларусізацыя» патрэбныя былі рэжыму выключна для таго, каб выявіць усе цэнтры беларускай актыўнасьці і ў 2020-м пачаць супраць іх тэрор і татальную русыфікацыю. То бок працягнуць палітыку 1933 году на паступовае вынішчэньне беларускай мовы.
Пасьля той перамогі ў судзе «Наша Ніва» ў рэдакцыйным артыкуле пісала:
«Адзіным знакам абароны беларускае мовы й яе жывога жыцьця на сёньня застаецца наш несавецкі правапіс. Справа нават стаіць шырэй. Правапіс Б. Тарашкевіча — гэта ўсё, што засталося ў беларускай апазыцыі пасьля страты ўлады і нацыянальнай сымболікі» (пад уладай мелася на ўвазе прысутнасьць у парлямэнце). Ігар Бабкоў тады казаў пра «энэргетычную крыніцу» мовы і падставы адрознасьці несавецкага кшталту беларускай культуры. Адрознасьці ад «культуры» дажынак, славянскага базару і амону.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: UNESCO: Беларуская мова на мяжы зьнікненьня, але шанец ёсьцьСёньня ўсе недзяржаўныя СМІ працуюць па-за межамі Беларусі, дзе яны афіцыйна прызнаныя экстрэмісцкімі. Тым ня менш, большасьць іх выходзіць наркамаўкай. Чаму? Аргумэнт, што гэта «школьны» правапіс, не працуе, бо школа ўшчэнт русыфікаваная, а выкладаньне там беларушчыны ў большасьці выпадкаў прыводзіць да яе зьнялюбленьня. І нікуды не прапаў той факт, што гэты правапіс уведзены праз фізычную расправу з мовазнаўцамі. Раскажэце дзецям пра гэта. У нэафітаў беларушчыны «набліжаны да расейскага» правапіс фармуе расейскае, а не беларускае вымаўленьне. Бо большасьць нэафітаў прыходзіць не праз школу, а праз тыя самыя недзяржаўныя СМІ.
Калісьці я мог два правапісы, клясычны і наркамаўку, параўнаць з двума сьцягамі — бела-чырвона-белым і чырвона-зялёным. Сёньня, калі другі вывешаны на аўтазаках і турмах, а па першым карнікі гоняць змардаваных і ні ў чым не вінаватых беларусаў у турмы, такое параўнаньне ўжо немагчымае, як немагчымае і прымірэньне двух сьцягоў. Наркамаўка засталася мёртванароджаным прадуктам на ўзбочыне гісторыі, які выканаў сваю русыфікатарскую функцыю. Чаму незалежныя СМІ захоўваюць вернасьць ёй, я растлумачыць не магу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам. Тарашкевіца і наркамаўка. Што гэта і адкуль гэтыя словыЗа савецкім часам была такая зьява — многія цалкам сабе сьвядомыя беларусы ўступалі ў кампартыю, каб зрабіць нармальную кар’еру, але зусім не таму, што падзялялі погляды і палітыку КПСС. Як толькі скончылася кампартыя, скончыліся і камуністы. І вось уявім сабе, што нехта зь іх застаўся дэманстратыўным камуністам. То бок першы раз ён здрадзіў самому сабе, а цяпер, калі многія публічна выйшлі з партыі, застаўся ёй верным? Верным сваёй колішняй вымушанай здрадзе, зь якой зросься ў адно цэлае.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.