«Мы ўжо знайшлі, агледзелі і перадалі на экспэртызу 1045 целаў. Гэта цывільныя людзі, якія не чынілі ніякага супраціву, яны ня маюць дачыненьня да тэрытарыяльнай абароны або іншых вайсковых структур», — паведаміў кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны ў Кіеўскай вобласьці Андрэй Небытаў у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону 20 красавіка.
Паводле яго, ад 50% да 75% ахвяр былі расстраляныя з аўтаматычнай зброі ці іншай агнястрэльнай зброі ў той час, калі эвакуаваліся на сваіх аўтамабілях.
«Іншыя загінулі ад мін, выбухаў, абстрэлаў з „Градаў“. Мы бачым, што Расейская Фэдэрацыя і яе армія сьвядома расстрэльвала ўкраінцаў за тое, што яны ўкраінцы», — падкрэсьліў ён.
«Расейцы спрабавалі кантраляваць насельніцтва. Яны шукалі людзей, якія былі лідэрамі грамадзкай думкі, дэпутатаў, мэраў, каб празь іх паўплываць на сьвядомасьць людзей, каб тыя прынялі „русский мир“. Людзей прымушалі надзяваць белыя стужкі, каб пазначыць, што іх праверылі і ў іх ёсьць дакумэнты. Але, напрыклад, у Бучы гэтых жа людзей снайпэры або іншыя вайскоўцы з аўтаматамі расстрэльвалі, а целы пакідалі на вуліцы», — паведаміў Андрэй Небытаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэр Бучы: «Расейскія вайскоўцы забілі кожнага пятага жыхара, які застаўся ў горадзе падчас акупацыі»Кіраўнік абласной паліцыі падкрэсьліў, што канчатковая колькасьць ахвяр яшчэ вызначаецца.
«Яшчэ ня ўсе вярнуліся дадому. Целы мы працягваем знаходзіць у калодзежах, падвалах, па 6–10 целаў. Цяпер я еду па Барадзянцы. Каля мясцовай лякарні ёсьць два масавыя пахаваньні. Першае — 6 забітых грамадзян, у тым ліку 4 мужчыны і 2 жанчыны. Расстраляныя з аўтаматаў. Іншае пахаваньне — 1-гадовая дзяўчына, якая ехала з бацькамі, яны хацелі выехаць на бясьпечную тэрыторыю, а іх расстралялі з аўтаматаў. Бацькі атрымалі раненьні, а яе, з раненьнем у лёгкія, не змаглі ўратаваць. Цяпер ідзе эксгумацыя», — удакладніў кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны ў Кіеўскай вобласьці Андрэй Небытаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Катавалі, гвалтавалі, расстрэльвалі. Траціну з 10 тысяч ваенных злачынстваў Расеі ва Ўкраіне зарэгістравалі на КіеўшчынеАкупацыя расейцамі Бучы, Ірпяня, Гастомеля, Барадзянкі, Макарава і іншых гарадоў Кіеўскай вобласьці працягвалася да 31 сакавіка. Калі расейскія войскі адступілі і ўкраінская ўлада пачала вяртаць кантроль над гэтымі гарадамі, сьледчыя пачалі фіксаваць ваенныя злачынствы расейцаў. Мірных грамадзян катавалі, гвалтавалі і расстрэльвалі, пакідаючы нябожчыкаў на вуліцах і не дазваляючы хаваць.
Вярхоўная Рада Ўкраіны на пасяджэньні 14 красавіка прызнала дзеяньні расейскіх войскаў ва Ўкраіне з 24 лютага генацыдам украінскага народу і заклікала ААН, ПАРЭ, Эўрапарлямэнт, ПА АБСЭ, ПА NATO, замежныя ўрады і парлямэнты падтрымаць менавіта такое вызначэньне дзеяньняў расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўная Рада Ўкраіны прызнала дзеяньні расейскіх войскаў на тэрыторыі краіны генацыдам украінскага народу