Потым мытнікі паведамляюць пра гэта ў міліцыю.
За апошнія два месяцы суды Берасьця, Кобрыні і Верхнядзьвінску (Дрысы) асудзілі прынамсі шэсьць беларусаў за нібыта пікетаваньне пры перасячэньні беларускай мяжы, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
Вядома, што часьцей за ўсё скаргі паступаюць з пункту пропуску «Казловічы» на беларуска-польскай мяжы.
У РАУС на кіроўцаў складаюць пратаколы паводле арт. 24.23 КаАП за «несанкцыянаванае пікетаваньне», нават калі прапарэц зь бел-чырвона-белым сьцягам і Пагоняй проста знаходзіцца ў кабіне за сядзеньнем кіроўцы.
Як вынікае з рапарту памежніцы на латвійска-беларускай мяжы, «яна ў адпаведнасьці з сваімі службовымі інструкцыямі стала аглядаць кабіну аўтамабіля і пры аглядзе на бакавой сьцяне з боку сядзеньня кіроўцы заўважыла прапарэц бел-чырвона-белага колеру з гербам „Пагоня“ памерам 8 на 15 сантымэтраў, ён ня быў схаваны і быў даступны для агляду». За гэтае «правапарушэньне» суд Верхнядзьвінскага раёну 1 красавіка пакараў кіроўцу 10-дзённым арыштам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слоўнік беларускай рэвалюцыі. Мова новых сьцягоўСуд Кобрыньскага раёну 17 сакавіка аштрафаваў каморніка на 960 рублёў (30 базавых велічыняў) таксама за прапарэц бел-чырвона-белага колеру.
У Берасьці цягам месяца асудзілі чатырох кіроўцаў. На траіх склалі пратаколы за бел-чырвона-белыя прапарцы, яшчэ аднаго — за стужачку на шыбе аўтамабіля. Справы разглядалі ў судзе Ленінскага раёну Берасьця. Ім прызначылі штрафы ў памеры ад 960 да 1600 рублёў (ад 30 да 50 базавых велічыняў).
У студзені праваабаронцам стаў вядомы першы выпадак, калі беларуса асудзілі за «пікетаваньне» на мяжы.
Тады кіроўцу-міжнародніка Аляксандра Крэйдзіча берасьцейскі судзьдзя Андрэй Грушко аштрафаваў на 1280 рублёў (40 базавых велічыняў).
Яго прызналі вінаватым у пікетаваньні дзьвюма налепкамі з «Пагоняй», якія супрацоўнікі мытні заўважылі на шыбе аўтамабіля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 20 красавіка: затрымалі сябра БСДП Ледніка, суд над падпальнікам «БелТолл» зрабілі закрытым