Хроніка перасьледу 17 красавіка: новы прысуд за маршы ў жніўні 2020 году

Юры Усьніч

Праваабарончы цэнтар «Вясна» афіцыйна прызнаў палітзьняволенымі ў Беларусі 1129 чалавек. Аднак іншыя ініцыятывы дапамогі палітвязьням паведамляюць, што колькасьць перасьледаваных у палітычна матываваных справах значна большая.

Калёнія за ўдзел у жнівеньскіх пратэстах 2020 году

Як стала вядома праваабаронцам, суд Маскоўскага раёну Менску яшчэ 12 красавіка вынес прысуд тэставальніку Юрыю Усьнічу, якога абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле у іх» (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

Згодна з матэрыяламі абвінавачаньня, Юры прымаў актыўны ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 году ў Менску, у тым ліку на Плошчы і праспэкце Незалежнасьці, «груба парушаў грамадзкі парадак, выкрыкваў лёзунгі, перашкаджаў руху грамадзкага транспарту, не падпарадкоўваўся патрабаваньням супрацоўнікаў унутраных спраў».

Судзьдзя Тацяна Пірожнікава прысудзіла Усьнічу 2,5 года калёніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: 18-гадовы Давід Збаранскі ажаніўся ў калёніі, вызвалілі палітвязьняў Уладзімера Яроменка і Максіма Куксачэнку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 15 красавіка: 10 гадоў за спробу падпаліць лецішча старшыні Вярхоўнага суду; тры гады за камэнтары ў «справе Зельцара»