Міністэрства юстыцыі РФ унесла ў рэестар «СМІ — замежных агентаў» журналіста Юрыя Дудзя і палітоляга Кацярыну Шульман. Абое цяпер па-за межамі Расеі.
Расейскі журналіст Юрый Дудзь сымпатызуе беларускаму дэмакратычнаму руху: ён рабіў відэафільм, прысьвечаны беларускай палітычнай эміграцыі, запрашаў у эфір стваральніка тэлеграм-каналу «NEXTA» Сьцяпана Пуцілу, аднаго з самых вядомых беларускіх стэндапэраў Славу Камісаранку.
Відэаролікі Юрыя Дудзя «Камісаранка — новае жыцьцё пасьля пратэстаў у Беларусі», «Як жыць, калі пазбаўляюць радзімы» і «NEXTA — галоўнае мэдыя беларускага пратэсту» прызнаныя экстрэмісцкімі ў Беларусі.
Таксама ў сьпіс «СМІ — замежных агентаў» трапілі журналісты Карэн Шаінян і Раман Дабрахотаў, карыкатурыст Сяргей Ёлкін ды іншыя, усяго 9 чалавек.
- У Расеі ў рэестры «СМІ — замежных агентаў» на сёньня 142 запісы. Пераважная большасьць — не арганізацыі, а фізычныя асобы, у асноўным журналісты.