Ігара Лосіка затрымалі дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 году, дачку Паўліну ён ня бачыў з таго самага дня. 15 красавіка 2022 году жонка Ігара Дар’я разам з 3,5-гадовай Паўлінай змагла трапіць на спатканьне ў СІЗА-3 Гомля. Дар’я расказала пра падрабязнасьці гэтай сустрэчы.
«Аказваецца, зь нядаўняга часу дазволеныя спатканьні зь непаўналетнімі дзецьмі ў СІЗА, — расказвае Дар’я. — Я папрасіла спатканьня, і мне яго далі. Шчыра скажу вам, я больш перажывала сёньня, чым калі ехала на прысуд. Тады было ўсё вельмі ясна, я ведала, да чаго сябе рыхтаваць. І ведала, што нічога добрага з гэтага не атрымаецца. Але сёньня я была ў такім неўразуменьні зь дзвюх прычын. Першая — гэта Паўліна: ёй 3,5 года і я ня ведала, як яна адрэагуе на тое, што так доўга ня бачыла таты, што тата сядзіць за двума слаямі шкла і кратамі. Ня можа пагуляць зь ёю. Па-другое, я перажывала за Ігара, для яго гэта вельмі эмацыйна цяжка. І ён ня ведаў да апошняга моманту, што мы прыйдзем разам з Паўлінай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я напісала першай». Гісторыя каханьня Ігара і Дар’і ЛосікаўЗ словаў Дар’і, сустрэча была вельмі эмацыйная. Паўліна ведала, што яе тата ў Гомлі ў турме, куды яго пасадзілі «злыя дзядзі». Яна не рыхтавалася да сустрэчы загадзя, але ў выніку нават павіншавала Ігара зь яго будучым днём народзінаў (20 траўня. — РС) па-ангельску.
«Паўліна прасьпявала Ігару „Happy Birthday to you“ па-ангельску, чытала яму альфабэт, лічбы, крыўлялася, вельмі актыўна ўдзельнічала ў размове, — кажа Дар’я. — Ігар... Шчыра кажучы, я ўжо шмат да чаго прывыкла. Шмат што ўспрымаю спакойна. Але адносіны Ігара да дачкі... Нават у тых сем’ях, якія жывуць разам і ў якіх усё добра, часам такога нельга пабачыць. Сьлёзы на вачах, у гэтай сытуацыі — іх не магло ня быць папраўдзе. У Ігара тым больш. Гэта вельмі цяжка было эмацыйна».
Дар’я расказвае, што Ігар папрасіў Паўліну ўсьміхацца, расказаць яму вершык, крыўляўся ў адказ праз шкло.
«Ігар увесь час глядзеў на Паўліну, — прызнаецца Дар’я. — Нават калі размаўляў са мной праз тэлефон, то праз шкло ўсё адно глядзеў на яе. Мы і пра навіны мала гаварылі, бо палову навін, што я запамінала, каб перадаць Ігару, я забыла».
Дар’я кажа, што Ігар скардзіцца на гастрыт. Ён па-ранейшаму атрымлівае лісты толькі ад самых блізкіх родных. Ад іншых людзей яму нічога не даходзіць. Пераменаў ва ўмовах утрыманьня няма. Дата разгляду скаргі на прысуд таксама невядомая.
Напісаць Ігару Лосіку можна на адрас СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Праяжджаю 900 кілямэтраў двойчы на тыдзень, каб прывезьці яму перадачу». Дар'я Лосік — пра сьмеласьць і вернасьць