Moody’s прагназуе Расеі дэфолт 4 траўня пры нявыплаце зьнешняга доўгу ў далярах да гэтай даты

Выплаты Расеі ў рублях замест даляраў па двух выпусках эўрабондаў могуць разглядацца як дэфолт, калі інвэстары не атрымаюць грошы ў валюце да 4 траўня — дня, калі скончыцца льготны пэрыяд, папярэджвае рэйтынгавае агенцтва Moodyʼs.

У паведамленьні Moodyʼs адзначаецца, што выплаты Расеі па дзьвюх аблігацыях з тэрмінам пагашэньня ў 2022 і 2042 гадах у рублях замест даляраў, якія Расея зрабіла 4 красавіка, зьяўляюцца зьмяненьнем умоваў плацяжу па першапачатковых кантрактах па аблігацыях, і гэта можа лічыцца дэфолтам.

У РФ ёсьць час да 4 траўня, гэта значыць да канца льготнага пэрыяду, каб выканаць умовы кантрактаў, адзначае Moodyʼs, бо аблігацыйныя кантракты не прадугледжваюць пагашэньня ў якой-небудзь іншай валюце, акрамя даляраў. Хоць эўрабонды, выпушчаныя пасьля 2018 году, і магчыма пры пэўных умовах выплаціць у рублях, эўрабондаў Расея-2022 і Расея-2042 (выпушчаных да 2018 году) гэта ня тычыцца: яны павінны быць выплачаныя толькі ў іншых цьвёрдых валютах (даляр, эўра, фунт стэрлінгаў ці швайцарскі франк).

Раней рэйтынгавае агенцтва S&P у адказ пагоршыла крэдытныя рэйтынгі Расеі: рэйтынг эмітэнта ў замежнай валюце паніжаны да ўзроўню SD, які азначае выбарачны дэфолт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ня выканала абавязаньняў па замежных даўгах, паведаміла рэйтынгавае агенцтва S&P
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агенцтва S&P панізіла крэдытны рэйтынг Расеі да «выбарачнага дэфолту»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Варта чакаць падзеньня сёлета беларускай эканомікі прыблізна на 10%, — экспэртка Барнукова
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта проста піяр-кампанія». Ці зможа Беларусь аддаваць даўгі ў беларускіх рублях