Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава заявіла, што Расея прымусова вывезла з Марыюпалю больш за 130,5 тысячы ўкраінцаў.
«790 тысяч нашых грамадзян знаходзяцца на тэрыторыі Расеі, у тым ліку больш як 150 тысяч дзяцей, і 130,5 тысяч — з Марыюпалю. Гэта зьвесткі з Расеі. І толькі 4,5 тысячы грамадзян атрымалі іхную дапамогу. Расея ня можа справіцца. Сама вывезла нашых людзей і сама ня ведае, што і як далей рабіць. Прапануюць ехаць або да сваякоў у Расеі, або ў іншае месца», — паведаміла Людміла Дзянісава на брыфінгу ў Кіеве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гвалтуй украінскіх баб, толькі мне не кажы». СБУ апублікавала новыя перахопы размоў расейскіх салдат са сваякаміПаводле яе, прымусова вывезеныя ў Расею ўкраінцы расказвалі, як у фільтрацыйных лягерах у іх зьбіралі адбіткі пальцаў, як забіралі дакумэнты і маральна ціснулі, каб яны расказвалі пра людзей, якіх яны могуць ведаць і якія зьяўляюцца ўдзельнікамі баявых дзеяньняў або супрацоўнікамі праваахоўных органаў Украіны.
Пасьля лягераў грамадзян Украіны перавозяць на аўтобусах або цягніках у іншыя гарады і рэгіёны Расеі. У прыватнасьці, яна назвала Суздаль Уладзімірскай вобласьці і Ямала-Нянецкую акругу.
Людміла Дзянісава паведаміла, што Эстонія дапамагае ўкраінцам, якія засталіся без дакумэнтаў, выехаць з тэрыторыі Расеі.
«У горадзе Нарва паставілі намёты, нашы грамадзяне туды прыяжджаюць, мы перадаём іхныя прозьвішчы, яны высьвятляюць празь міграцыйную і памежную службу, што гэта менавіта ўкраінцы, і прапускаюць іх на тэрыторыю Эстоніі. Але трэба сказаць, што ўцякаюць расейцы, тысячамі. Але калі яны сьцьвярджаюць на гэтых пунктах, што яны з Украіны, іх правяраюць і высьвятляюць, што яны не грамадзяне Ўкраіны, і таму іх вяртаюць назад у Расею», — патлумачыла амбудсмэн Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбудсмэн Украіны: Сярод згвалтаваных расейскімі салдатамі ўкраінак 9 цяжарныхЯк зьдзекаваліся з палонных жанчын і мужчын у Беларусі і Расеі
Людміла Дзянісава таксама паведаміла, што ўкраінскіх ваеннапалонных, сярод якіх былі і жанчыны, вывозілі спачатку на тэрыторыю Беларусі.
«Калі нашых дзяўчат прымушалі распранацца пры мужчынах, прысядаць, прабачце, у чаканьні, што можа якія рэчы зь іх выпадуць... Усё (рабілі) паводле іх зьвярыных законаў расейскіх турмаў», — расказала яна, але не ўдакладніла, на тэрыторыі якой краіны расейцы такім чынам аглядалі палонных жанчын.
«Калі гавораць, што Лукашэнка не злачынец... Не. Ён такі ж злачынец, як Пуцін, таму што ён дапамагае такому дыктатару і агрэсару рабіць усё, што адбываецца на нашай тэрыторыі», — дадала Людміла Дзянісава.
Паводле яе, мужчын-палонных утрымлівалі ў намётах.
«Было вельмі холадна, яны вярнуліся з абмарожанымі канечнасьцямі, у такім стане... Ім не давалі ні вады, ні ежы, парушаючы Жэнэўскую канвэнцыю аб абыходжаньні з ваеннапалоннымі», — адзначыла амбудсмэн Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна заявіла, што ў палон узялі ня менш за 562 расейскіх вайскоўцаў. Многія ня хочуць вяртацца ў РасеюУкраінскія ўцекачы вяртаюцца дамоў
Тым часамм у ААН сьцьвярджаюць, што ўкраінскія ўцекачы вяртаюцца дадому.
Офіс ААН па каардынацыі гуманітарных пытаньняў (OCHA) паведаміў, што больш за 870 тысяч уцекачоў, якія выехалі з Украіны з прычыны вайны, вярнуліся дадому.
Усяго, паводле зьвестак ААН, з 24 лютага ня менш як 11,7 мільёна грамадзян вымушаныя былі пакінуць свае дамы, у тым ліку больш за 4,7 мільёна ўвогуле выехалі з Украіны.
ААН таксама паведамляе, што ў Расею з Украіны зьехалі 471 014 грамадзян, і яшчэ 22 428 — у Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі прызналі, што крэйсэр «Масква» затануў; кангрэсмэны ЗША прыехалі ў Кіеў. 51-ы дзень вайны Расеі супраць УкраіныВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.