Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў папраўкі ў закон, дзякуючы якім беларусы змогуць атрымліваць гуманітарны від на жыхарства і гуманітарныя візы ў Польшчы.
Паводле інфармацыі, якую Цэнтар беларускай салідарнасьці атрымаў ад МУС Польшчы, усе мэханізмы (гуманітарныя візы, від на жыхарства, праязныя дакумэнты) будуць даступныя для ўсіх грамадзян Беларусі, якія маюць у гэтым патрэбу, незалежна ад таго, прыехалі яны на тэрыторыю Польшчы з Украіны пасьля 24 лютага альбо прыехалі ў краіну пры іншых абставінах.
Зьмены сталі магчымыя ў выніку ўнесеных Цэнтрам беларускай салідарнасьці, Офісам Сьвятланы Ціханоўскай і Народным антыкрызісным кіраўніцтвам прапановаў у рамках рабочай групы пры МУС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі сэйм прыняў папраўкі аб дапамозе беларусам, якія ўцяклі з Украіны ў Польшчу ад вайныРаней папраўкі прынялі у польскім Сэйме і ўхвалілі ў Сэнаце. Першапачаткова папраўкі прадугледжвалі магчымасьць выдачы гуманітарных візаў толькі грамадзянам Беларусі, якія ўцяклі ў Польшчу з прычыны вайны ва Ўкраіне. Беларусы будуць вызваленыя ад збораў за гэты дакумэнт.
Таксама ў рамках паправак было прынятае рашэньне, якое тычыцца легалізацыі знаходжаньня грамадзян Беларусі пасьля заканчэньня тэрміну дзеяньня іхнай гуманітарнай візы. Для іх будзе створаны новы від часовага побыту тэрмінам на тры гады. «Уладальнікам такіх дазволаў таксама будуць выдавацца карты знаходжаньня бяз выплаты збораў», — гаворыцца ў дакумэнце.
Са студзеня 2023 году ўладальнікі дазволаў змогуць атрымаць польскі праязны дакумэнт для іншаземца, які дасьць яму права свабодна перамяшчацца па Шэнгенскай зоне і перасякаць вонкавыя межы ЭЗ.
Удакладняецца, што грамадзяне Беларусі, якія маюць такую форму права на від на жыхарства, будуць вызваленыя ад неабходнасьці мець дазвол на працу.
Заявы на атрыманьне гуманітарнай візы могуць быць разгледжаныя міністрам замежных спраў. Гэтым кіраўнік ведамства цяпер займаецца праз службовых асобаў, якія працуюць у візавым цэнтры пры консульскім дэпартамэнце МЗС.
Распрацоўка і наладжваньне працэдуры выдачы гуманітарных візаў і гуманітарных відаў на жыхарства на тэрыторыі Польшчы зойме каля 2 месяцаў. Дакумэнты будуць выдавацца ня толькі ў Варшаве, але і ў іншых гарадах Польшчы, паведамляе прэс-служба Сьвятланы Ціханоўскай.
МУС Польшчы заклікае беларусаў, якія прыехалі раней, легалізавацца ў адпаведнасьці з мэтай свайго знаходжаньня (праца, вучоба і інш.).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы стварылі ўрадавую камісію для вырашэньня праблем беларускіх уцекачоў