Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі сэйм прыняў папраўкі аб дапамозе беларусам, якія ўцяклі з Украіны ў Польшчу ад вайны


Ілюстрацыйнае фота. Уцекачы з Украіны на чыгуначным вакзале ў Пшэмыслі, 27 сакавіка 2022 году
Ілюстрацыйнае фота. Уцекачы з Украіны на чыгуначным вакзале ў Пшэмыслі, 27 сакавіка 2022 году

Цяпер беларускія ўцекачы змогуць атрымліваць гуманітарныя візы на тэрыторыі Польшчы без спагнаньня збораў. Таксама дзякуючы прынятым папраўкам уводзіцца новы від дазволу на часовы побыт на тры гады пасьля заканчэньня тэрміну дзеяньня гуманітарнай візы.

Сэйм Польшчы прыняў папраўкі аб дапамозе беларусам. Адна зь іх прадугледжвае магчымасьць выдачы гуманітарных візаў грамадзянам Беларусі, якія ўцяклі ў Польшчу з прычыны вайны ва Ўкраіне. Пры гэтым беларусы будуць вызваленыя ад збораў за гэты дакумэнт.

Таксама прынятае рашэньне, якое тычыцца легалізацыі знаходжаньня грамадзян Беларусі пасьля заканчэньня тэрміну дзеяньня іх гуманітарнай візы. Для іх будзе створаны новы від часовага побыту тэрмінам на тры гады. «Уладальнікам такіх дазволаў таксама будуць выдавацца карты знаходжаньня бяз выплаты збораў», — гаворыцца ў дакумэнце.

Адмова ў выдачы такога дазволу будзе адбывацца на агульных падставах.

Са студзеня 2023 году ўладальнікі дазволаў змогуць атрымаць польскі праязны дакумэнт для іншаземца, які дасьць яму права свабодна перамяшчацца па Шэнгенскай зоне і перасякаць вонкавыя межы ЭЗ.

Удакладняецца, што грамадзяне Беларусі, якія маюць такую форму права на від на жыхарства, будуць вызваленыя ад неабходнасьці мець дазвол на працу.

Заявы на атрыманьне гуманітарнай візы могуць быць разгледжаныя міністрам замежных спраў. Гэтым кіраўнік ведамства цяпер займаецца праз службовых асобаў, якія працуюць у візавым цэнтры пры консульскім дэпартамэнце МЗС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG