Кіеў: Выкрадзеную спэцтэхніку з зоны адчужэньня ЧАЭС і байцоў Нацгвардыі ўтрымліваюць у Беларусі і Расеі

Скрыншот зь відэа, які паказвае лягер расейскіх салдат каля ЧАЭС. Расейцы капалі акопы

Кіраўнік Дзяржаўнага агенцтва Ўкраіны па кіраваньні зонай адчужэньня Яўген Крамарэнка заявіў аб татальным рабаваньні расейскімі салдатамі маёмасьці Чарнобыльскай АЭС і аб’ектаў зоны адчужэньня.

«Аўтамабілі разабраныя, раздушаныя танкамі. Большасьць аўтамабіляў адсутнічае, і, згодна з датчыкамі GPS, якімі былі аснашчаныя нашыя аўтамабілі, мы назіраем іх рух як на тэрыторыі Беларусі цяпер, так і Расеі», — сказаў Яўген Крамарэнка на брыфінгу ў Кіеве 13 красавіка.

Са спасылкай на супрацоўнікаў аб’ектаў зоны адчужэньня Яўген Крамарэнка паведаміў, што 31 сакавіка з украінскай чарнобыльскай зоны расейцы вывезьлі каля 10 тысяч адзінак тэхнікі.

«Кожны другі аўтамабіль быў з украінскімі нумарамі. Гэта былі як вялікія грузавікі, так і легкавікі, якія яны выкралі ў нашых грамадзян або прадпрыемстваў», — удакладніў ён.

Кіраўнік Дзяржагенцтва Ўкраіны па кіраваньні зонай адчужэньня таксама паведаміў, што ў часе расейскай акупацыі паселішчаў Кіеўскай вобласьці загінулі 5 супрацоўнікаў аб’ектаў зоны адчужэньня і яшчэ 4 трапілі ў палон да расейцаў (дзе яны цяпер, невядома).

ЧАЭС пасьля адступленьня расейскіх войскаў, 5 красавіка 2022

Яўген Крамарэнка дадаў, што цяпер у зоне адчужэньня знаходзяцца Ўзброеныя сілы Ўкраіны, якія праводзяць разьмінаваньне ў лясах і ў офісных памяшканьнях і інтэрнатах прадпрыемстваў Дзяржаўнага агенцтва. Паводле яго, дагэтуль не змаглі аднавіць дзейнасьць маніторынгавай станцыі, таму радыяцыйны фон кантралюецца ў асобных месцах у ручным рэжыме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пажары, павышаны ўзровень радыяцыі і міны. Ва Ўкраіне забаранілі наведваць зону адчужэньня і Чарнобыльскую АЭС

Яўген Крамарэнка дадаў, што сярод палонных, якіх захапілі расейцы пры сваім адыходзе, ёсьць адна супрацоўніца ЧАЭС — жонка аднаго і маці другога супрацоўніка Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны. Яна добраахвотна пагадзілася замяніць сваіх калег у зьмене, што працавала ад пачатку расейскай агрэсіі.

Усяго, паводле міністра ўнутраных спраў Украіны Дзяніса Манастырскага, расейцы на Чарнобыльскай АЭС захапілі ў палон 169 супрацоўнікаў Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны.

«Сёньня частка іх, паводле нашай інфармацыі, знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, а частка — у Расеі. Мы былі на месцы, дзе іх утрымлівалі. Гэта падзямельле безь сьвятла, без магчымасьці нармальна падтрымліваць зносіны. У іх забралі ўсе сродкі сувязі, калі яны там знаходзіліся, і потым іх вывезьлі. Якая іхная доля, на жаль, сказаць не магу. Ідуць перамовы пра іх абмен. Але мы разумеем, што гэта будзе, магчыма, толькі пасьля заканчэньня актыўнай фазы баявых дзеяньняў», — удакладніў міністар у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону.

Расейцы захапілі закрытую Чарнобыльскую атамную электрастанцыю ў першы дзень вайны, 24 лютага. За больш як месяц акупацыі яны дазволілі толькі адну частковую замену пэрсаналу, а ў канцы сакавіка пачалі штурмаваць Славуціч — горад-спадарожнік станцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія салдаты месяц жылі ў акопах у найбольш небясьпечным месцы каля ЧАЭС. ФОТА і ВІДЭА

Славуціч удалося адстаяць, а расейцы пачалі акопвацца і ствараць фартыфікацыйныя збудаваньні ў найбольш небясьпечным у зоне адчужэньня месцы — у Рудым лесе, на які ў 1986 годзе выпала найбольш радыяактыўнага пылу.

Увечары 31 сакавіка расейцы вырашылі пакінуць тэрыторыю Чарнобыльскай АЭС. Дакладна невядомая колькасьць вайсковай тэхнікі, якую Расея перакідвала зь Беларусі на ўкраінскую тэрыторыю зоны адчужэньня і станцыі.

Пасьля аднаўленьня Ўкраінай кантролю над ЧАЭС і зонай адчужэньня высьветлілася, што расейцы выкралі сэрвэр кампутараў маніторынгавай станцыі, якая адсочвала радыяцыйны фон, а таксама зьнішчылі архіў Чарнобыльскай АЭС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія войскі пры адступленьні з чарнобыльскай зоны зьнішчылі архіў ЧАЭС

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.