Расейскія прадстаўнікі раней нэгатыўна ацэньвалі магчымасьць уступленьня дзьвюх краін у NATO, аднак Мядзьведзеў упершыню заявіў пра канкрэтныя крокі з боку Масквы.
Паводле яго, «у Расеі стане больш афіцыйна зарэгістраваных праціўнікаў», і таму ёй давядзецца «сур’ёзна ўзмацніць групоўку сухапутных сіл і СПА, разгарнуць істотныя ваенна-марскія сілы ў акваторыі Фінскай затокі». У гэтым кантэксьце Мядзьведзеў згадвае і ядзерную зброю. «Да сёньняшняга дня Расея на такія меры не ішла і ісьці не зьбіралася», — піша ён.
Пры гэтым, па словах Мядзьведзева, у Расеі няма са Швэцыяй і Фінляндыяй тэрытарыяльных спрэчак, як з Украінай, таму да ўступленьня гэтых краін у NATO Расея паставіцца інакш, чым да гіпатэтычнага ўступленьня Ўкраіны, якое было абвешчана Масквой адной з прычын уварваньня ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра затрыманых на Гомельшчыне за фота і відэа расейскай вайсковай тэхнікіУ Швэцыі і Фінляндыі зараз актыўна абмяркоўваецца пытаньне аб далучэньні да NATO. Грамадзкая думка гэтых нэўтральных краін рэзка зьмянілася пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне — большасьць цяпер выступае за ўступленьне ў NATO. Рашэньні пакуль не прынятыя, але чакаецца, што заяўкі Швэцыя і Фінляндыя могуць падаць ужо гэтым летам.
Па выніках Другой сусьветнай вайны СССР далучыў частку фінскіх тэрыторый, раней заваяваных ім падчас вайны 1939–1940 гадоў. Фінляндыя пагадзілася са стратай гэтых тэрыторый у Парыскім мірным дагаворы 1947 году і ня мае плянаў неяк ставіць гэты дагавор пад сумненьне.
З далучэньнем Фінляндыі да NATO сухапутная мяжа паміж Расеяй і краінамі NATO падоўжыцца больш як на тысячу кілямэтраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ракетны крэйсэр «Москва» затануў, ЗША даюць Кіеву новую зброю. 50-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны