Улады Казахстану вырашылі адмовіцца ад ваенных парадаў 7 і 9 мая ў гонар Дня абаронцы Айчыны і Дня Перамогі. Пра гэта 13 красавіка паведамілі ў Міністэрстве абароны краіны.
«У 2022 годзе правядзеньне вайсковага параду, прысьвечанага 30-годзьдзю Ўзброеных Сіл Рэспублікі Казахстан і Дню Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў, не плянуецца», — гаворыцца ў паведамленьні.
Паводле зьвестак Мінабароны, у краіне пройдуць «ваенна-патрыятычныя мерапрыемствы», усяго іх заплянавана каля 50.
Улады Казахстану ўжо адмянялі парады Перамогі ў 2020 і 2021 гадах з прычыны эпідэміялягічнай сытуацыі, зьвязанай з пандэміяй каранавірусу.
Летась тагачасны прэс-сакратар прэзыдэнта заяўляў, што ўрачыстасьці з нагоды Дня Перамогі перанесеныя на 2022 год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нават прайграўшы вайну, Пуцін абвесьціць пра сваю перамогу. Паразы яму не даруюць