Пракурорка запатрабавала для палітзьняволенага хірурга Андрэя Любецкага пяць гадоў пазбаўленьня волі

Андрэй Любецкі

У менскім судзе прайшлі дэбаты бакоў у судзе над палітвязьнем Андрэем Любецкім.

У Менскім гарадзкім судзе пад старшынёўствам судзьдзі Сьвятланы Чарапанавай працягваецца суд над хірургам Андрэем Любецкім.

Сьледзтва лічыць, што Любецкі, нібыта не саромеючыся ў выказваньнях, публічна абражаў Лукашэнку і супрацоўнікаў праваахоўных органаў, а часам дазваляў сабе «выказваньні з выкарыстаньнем ненарматыўнай лексыкі ў дачыненьні да іх».

Пракурорка Жанна Баранава папрасіла асудзіць яго на 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта яна прадстаўляла бок дзяржаўнага абвінавачаньня на судзе шматдзетнай маці Вольгі Залатар.

У сьпісе абвінавачаньняў — і ўдзел у пратэставых акцыях у Менску.

Дзеяньні Андрэя Любецкага кваліфікаваныя паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:

  • ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, спалучаных зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, якія пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту);
  • ч. 1 арт. 130 (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне іншай сацыяльнай варожасьці і варожасьці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасьці);
  • ст. 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў);
  • ч. 1, 2 ст. 368 (абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як прыстойны чалавек, я не магу маўчаць». Падзеі і дыялёгі першага дня суду над хірургам Андрэем Любецкім

Андрэй Любецкі — доктар, 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай лякарні № 4 у Менску сківічным хірургам. Быў валянтэрам каля ізалятара на Акрэсьціна. Мае чацьвярых дзяцей. Жонка Андрэя Натальля Любецкая была вымушаная разам зь дзецьмі выехаць з краіны. Яна фігуравала ў «расьсьледаваньні» беларускага дзяржаўнага тэлеканалу: яе абвінавацілі ў перадачы падстаўных «сакрэтных дакумэнтаў» экс-алмазаўцу Ігару Макару.

Андрэй Любецкі за кратамі з 4 траўня 2021 году. Раніцай таго дня ў ягоную кватэру прыйшлі зь ператрусам, пасьля яго затрымалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Плянавае зьнішчэньне мэдыцыны сілавікамі», — доктар Рустам Айзатулін пра масавыя затрыманьні траўматолягаў-артапэдаў