Аляксандар Лукашэнка прыляцеў на Далёкі Ўсход Расеі ў горад Благавешчанск для перамоваў з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным. Разам яны наведаюць пляцоўку, на якой будуецца касмадром «Восточный» у Амурскай вобласьці (у праекце ўдзельнічаюць беларускія спэцыялісты).
З Благавешчанску Лукашэнка і Пуцін на адным гелікоптары паляцелі на касмадром «Восточный», паведаміў блізкі да Лукашэнкі тэлеграм-канал «Пул первого».
Там яны праводзяць перамовы пра двухбаковыя адносіны, сытуацыю ва Ўкраіне і сумеснае супрацьстаяньне заходнім санкцыям.
Пуцін на сустрэчы з Лукашэнкам сказаў, што мэты «апэрацыі па абароне Данбасу» будуць дасягнутыя. Раней гэта называлася «апэрацыяй па дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі Ўкраіны».
Пуцін даў даручэньне «Роскосмосу» арганізаваць палёт у космас на расейскім караблі прадстаўнікоў Беларусі. Пра такі праект ён заявіў на касмадроме «Восточный» падчас цырымоніі ўручэньня дзяржаўных узнагарод работнікам касьмічнай галіны, піша ТАСС.
«Мы гаварылі аб гэтым з Аляксандрам Рыгоравічам ужо даўно. Упэўнены, што гэта стане новай важнай вяхой нашага супрацоўніцтва ў асваеньні і вывучэньні космасу», — сказаў Пуцін.
Лукашэнка ў сваю чаргу падчас размовы з касманаўтамі заявіў, што Беларусь гатовая ў сьціслыя тэрміны накіраваць сваіх будаўнікоў і спэцыялістаў для разьвіцьця касмадрому «Восточный». «За намі не заржавее», – цытуе словы Лукашэнкі БелТА.
Гэта другая асабістая сустрэча Пуціна і Лукашэнкі ад моманту пачатку расейскага паўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну.
13 красавіка Лукашэнка адправіцца ў Прыморскі край, дзе сустрэнецца ва Ўладзівастоку з губэрнатарам Прыморскага краю Алегам Кажамякам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка спрабуе зноў сесьці на таго ж коніка, што ў 2008 і 2014 годзе. Але зараз не атрымаецца», — аналітык Аркадзь Мошэс ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Правал стратэгіі выжываньня рэжыму Лукашэнкі. Што наперадзе?