У Нацбанку Беларусі па выніках сакавіка засталося 2,8 мільярда даляраў «жывых» грошай ці рэзэрваў у валюце. Астатняе — гэта золата і спэцыяльныя правы запазычаньня (SDR), валюта МВФ. Гэта дэманструе статыстыка ад Нацбанку.
$100 млн пайшло на вяртаньне даўгоў, астатняе — продаж валюты для падтрымкі курсу рубля і перавод часткі ЗВР у іншыя віды актываў.
У выніку на 1 красавіка агульны аб’ём ЗВР склаў 7,57 мільярда даляраў ЗША. Зьніжэньне ЗВР у частцы замежнай валюты зьмяніла і структуру рэзэрваў (таго, што засталося). Доля замежнай валюты зьнізілася з 43 да 37%. На гэтым фоне доля золата ўзрасла з 40 да 44 адсоткаў.
Што такое ЗВР
ЗВР — золатавалютныя рэзэрвы, такія рэзэрвы ёсьць у большасьці краін. У выпадку Беларусі яны складаюцца з замежнай валюты, золата, каштоўных мэталаў. Гэты запас выкарыстоўваецца, каб плаціць даўгі, падтрымліваць курс нацыянальнай валюты, а таксама ён патрэбны на выпадак нестандартнай сытуацыі: дэфолту, дэфіцыту тавараў, на патрэбы закупу крытычнага імпарту (жыцьцёва неабходных тавараў).
«Невядома, колькі рэзэрваў заблякавана»
Частку рэзэрваў таксама заблякавалі санкцыі, якія ўвёў ЭЗ супраць Беларусі. На гэта зьвяртае ўвагу Кацярына Барнукова, акадэмічны дырэктар Цэнтру эканамічных дасьледаваньняў BEROC.
«Мы ня ведаем, колькі засталося ЗВР, бо частка ЗВР заблякаваная ЭЗ. Мы нават не ведаем, якая гэта частка: 10%, 20% ці наогул палова. ЭЗ увёў санкцыі на апэрацыі зь беларускімі рэзэрвамі, і тыя зь іх, што захоўваліся ў Эўрапейскім банку, заблякаваныя. У Беларусі цяпер вялікія праблемы з экспартам, ёсьць праблемы з выплатамі па даўгах. Расея нешта рэструктурызавала, але Беларусь вінная ня толькі ёй. На гэта патрэбная валюта, а Беларусь шмат страціла за месяц. Цяпер незразумела таксама, ці зможа Нацбанк набываць валюту ў ранейшых аб’ёмах», — кажа Кацярына Барнукова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта проста піяр-кампанія». Ці зможа Беларусь аддаваць даўгі ў беларускіх рубляхЯк гэта адаб’ецца на беларусах?
Каб стрымліваць падзеньне рубля, Нацбанк выкарыстоўвае золатавалютныя рэзэрвы, якія прадаюцца на біржы.
«Наступным разам, калі на рынку будзе нейкая валютная паніка, у Нацбанку ня будзе рэсурсаў стрымліваць курс рубля — гэта самы блізкі вынік, а падставаў для такой сытуацыі хапае. У доўгатэрміновай пэрспэктыве трэба мець рэзэрвы на крытычны імпарт. А калі мы іх страчваем, то іх ня хопіць, каб нешта набыць у крытычны момант», — кажа Кацярына Барнукова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму беларускі рубель умацоўваецца да даляра і эўра. Разьбіраемся