Аб гэтым паведаміў у фэйсбуку протаярэй УПЦ МП Андрэй Пінчук.
На гэтым момант зварот падпісаў 191 сьвятар з розных дыяцэзій УПЦ МП. Яны ўпэўненыя, што іхны кіраўнік ня толькі зьмяніў маральныя і рэлігійныя прынцыпы, але і парушыў дакумэнт «Асновы сацыяльнай канцэпцыі».
У адкрытым звароце гаворыцца: «Мы, сьвятары Ўкраінскай праваслаўнай царквы, у гэтыя трагічныя дні, калі ідзе жорсткая вайна Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны, лічым сваім пастырскім абавязкам зьвярнуцца да ўсёй паўнаты Сусьветнага Праваслаўя».
«Дзеяньні патрыярха Кірылы выклікалі масавае абурэньне сярод духавенства і вернікаў Украінскай праваслаўнай царквы», — адзначаюць сьвятары.
«Міжнародны царкоўны трыбунал — менавіта так нашы сучасьнікі, піша айцец Андрэй Пінчук, назвалі б найвышэйшую судовую інстанцыю сусьветнага праваслаўя. Гаворка ідзе аб Саборы Прадстаяцеляў Старажытных Усходніх Цэркваў. Ужо шмат стагоддзяў у Праваслаўнай Царкве існуе традыцыя зьвяртацца ў суд такога Сабору ў выпадку сур’ёзных канфліктаў. Сабор Усходніх Патрыярхаў неаднаразова разглядаў пазовы супраць най вышэйшых царкоўных герархаў».
У гісторыі Расейскай Царквы таксама быў прэцэдэнт звароту ў суд усходніх патрыярхаў. У 1666 г. менавіта ўсходнія патрыярхі асудзілі Маскоўскага патрыярха Нікана, пазбавіўшы яго патрыяршаства і біскупскага сану. Нікана пакінулі простым манахам і адправілі на пакаяньне ў манастыр.
У звароце сьвятары заклікаюць прадстаяцеляў памесных праваслаўных цэркваў «асудзіць ваенную агрэсію Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны». Таксама яны просяць разгледзець публічныя заявы Кірыла і «на ўсеправаслаўным узроўні дактрыну „русского мира“, якую на працягу многіх гадоў прапагандуе патрыярх Кірыл і якая стала адным з ідэйных апраўданьняў вайны Расеі супраць Украіны». Пасьля разгляду дактрыны сьвятары заклікаюць «даць ёй ацэнку з пункту гледжаньня праваслаўнага вучэньня і ў выпадку яе асуджэньня прыцягнуць патрыяха Кірыла да адказнасьці і пазбавіць права займаць патрыяршы пасад».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Францішак заклікаў да перамір’я, а патрыярх Кірыл — да згуртаваньня вакол уладыКіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы Кірыл у нядзелю пасьля набажэнства ў новым маскоўскім храме Покрыва Сьвятой Багародзіцы на Люберацкіх палях заклікаў вернікаў згуртавацца «ў складаны для краіны час», у тым ліку вакол улады.
«Вось тады і будзе ў народзе нашым сапраўдная салідарнасьць і здольнасьць адбіваць ворагаў вонкавых і ўнутраных і ладзіць жыцьцё наша такім чынам, каб у гэтым жыцьці было як мага больш дабра, праўды і любові», — сказаў патрыярх.
Раней ён, наўпрост не гаворачы аб падтрымцы расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, фактычна прыводзіў аргумэнты для яго абгрунтаваньня. Пасьля набажэнства ў цэнтральным храме Узброеных сіл ён сказаў, што ў ваенны час служба ў войску — гэта сапраўдны подзьвіг».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Патрыярх Кірыл адслужыў літургію ў галоўным храме расейскай арміі і заявіў, што вайскоўцы «павінны быць верныя прысязе»