Разважаючы пра мірныя перамовы з Расеяй, Зяленскі адзначае эмацыйную складанасьць размовы з праціўнікам, які ўчыніў ваенныя злачынствы на тваёй тэрыторыі: «Людзі хочуць, каб вайна скончылася, скончылася на нашых умовах. Але я ня думаю, што тых людзей, якія кагосьці страцілі, страцілі дзяцей, задаволіць любая мірная дамова, на любых умовах. Занадта вялікая рана».
Тым ня менш, паводле слоў прэзыдэнта Ўкраіны, любая вайна калісьці канчаецца мірам, і перамовы неабходны, каб захаваць тыя жыцьці, якія яшчэ можна захаваць:
«Так, мы павінны змагацца, але змагацца дзеля жыцьця. Вы ня можаце змагацца дзеля пылу, калі ўжо нічога няма, няма людзей. Таму так важна спыніць гэтую вайну. Хаця гэта складана, складана эмацыйна, ніхто не хоча гаварыць з людзьмі, якія зьдзекуюцца з краіны. Іх можна зразумець, я сам іх вельмі добра разумею, як мужчына, як бацька. Але мы ня можам страціць магчымасьць дыпляматычнага рашэньня, калі яна ў нас ёсьць. Мы ня можам сабе дазволіць вырашаць за дзясяткі мільёнаў людзей, якія хочуць спыніць вайну. Мы ня можам за іх вырашыць і сказаць: «Не, мы не будзем размаўляць з забойцамі».
У іншым фрагмэнце інтэрвію Зяленскі называе Марыюпаль «цэнтрам вайны» і адзначае, што абаронцы горада адцягваюць на сябе шмат сіл суперніка, што дае ўкраінскім вайскоўцам перавагу на іншых участках фронту.
Разважаючы аб падтрымцы, якую Ўкраіна атрымлівае зараз ад краінаў Захаду, Зяленскі яшчэ раз папракнуў краіны NATO ў неразуменьні пагрозаў, якія (ужо даўно) несла Расея: «Калі б мы былі ў NATO, то гэтай вайны б не здарылася. Або ўсё было б не так, як зараз. Суседзі падставілі б нам плячо».
Ваеннай дапамогі, якую атрымлівае зараз Украіна ад заходніх краін, на думку прэзыдэнта Зяленскага, відавочна недастаткова. Паводле яго, калі б зброю і ваенную тэхніку пачалі пастаўляць раней, гэта дазволіла б захаваць мноства жыцьцяў мірных жыхароў у тым жа Марыюпалі.
Раней Сэнат ЗША адобрыў праграму лэнд-лізу для Ўкраіны. Яна дазволіць больш эфэктыўна перадаваць зброю Кіеву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The New York Times: У NATO ўзьніклі рознагалосьсі, некаторыя краіны хочуць захаваць адносіны з Пуціным